Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗУБРОЎЦЫ ПРАВЯЛІ СЁНЬНЯ Ў ЦЭНТРЫ МЕНСКУ АКЦЫЮ “ЧАС ПРЫБІРАЦЬ”


Любоў Лунёва, Менск

Па дарозе да іх далучыліся некалькі мінакоў. Адна дзяўчына папрасіла ў зуброўцаў мятлу.

(Карэспандэнт: ) "Вы далучыліся да гэтай акцыі. Чаму?"

(Дзяўчына: ) "Ня ведаю. Магчыма, захацелася падтрымаць такіх таленавітых маладых людзей, якія намагаюцца хоць што-небудзь тут зрабіць".

(Карэспандэнт: ) "Вы вучыцеся ў школе?"

(Дзяўчына: ) "Не, ва ўнівэрсытэце".

(Карэспандэнт: ) "Які факультэт?"

(Дзяўчына: ) "А можна не называць?"

Гараджане добразычліва ставіліся да зуброўцаў. У парку за моладзю назіралі некалькі чалавек у блакітнай форме. Мы падышлі да іх:

(Мужчына: ) "Яны ўсё добра робяць. Паркі ў нас павінны быць чыстыя. Асабліва каля кантрольнай службы менгарвыканкаму, дзе мы працуем. Ну, малайцы".

(Жанчына: ) "Тое, што яны прыбіраюць дарогі, гэта добра. Але тое, што расьпісалі дамы і прыпынкі... Ня толькі словам "зубр". А яшчэ ж і "Час прыбіраць!" і "Час выбіраць!", і супраць Лукашэнкі розныя надпісы за подпісам "Зубр".

Удзельніца акцыі Дар'я Радкевіч распавяла Радыё Свабода:

(Радкевіч: ) "Мы прыйшлі прыбраць гэты парк ад бруду, ад таго, што тут ёсьць. Як бачыце, тут ня вельмі прывабна. Зубры — жывёлы, якія жывуць выключна ў экалягічным асяродзьдзі. Мы мяркуем, што менавіта гэты парк стане месцам, дзе будуць зьбірацца "зубры". А генэральная ўборка адбудзецца 9 верасьня а 8-й гадзіне вечара на Кастрычніцкай плошчы. Менавіта там мы прыбярэм галоўнага арганізатара сьмецьця і бруду па ўсёй краіне".

Студэнт тэхналягічнага ўнівэрсытэту Васіль дадаў:

(Васіль: ) "Мэтай акцыі ёсьць тое, каб людзі ўбачылі, што мы ня толькі лепім налепкі і расьпісваем сьцены, а здольныя за сабой прыбіраць. Калі мы пераможам, абярэм Ганчарыка, то самі паздымаем налепкі, бо яны ўжо будуць непатрэбныя. Мы пафарбуем сьцены і будзем рабіць нашу краіну чыстай і прыгожай, каб было жыць добра".

Супрацоўнікі міліцыі, убачыўшы юнакоў у футболках з надпісамі, зайшлі ў парк, але калі ўбачылі, што тыя прыбіраюць сьмецьце, разгубіліся. Яны моўчкі выпалілі па цыгарэце, кінулі недапалкі ў сьметніцу і пайшлі з парку.


XS
SM
MD
LG