Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ СІЛАВЫЯ СТРУКТУРЫ ЎЗЯЛІСЯ ЗА РАЁННЫЯ ФІЛІІ “ГРАМАДЗЯНСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле пісьмовага загаду начальніка Рэчыцкага аддзелу фінансавай міліцыі Мікалая Майсеенкі, праверку мясцовага аддзяленьня "Грамадзянскіх ініцыятываў" распачаў маёр Уладзімер Маркавец. Загад на падставе дэкрэту Лукашэнкі №8 вызначае і тэрмін праверкі: ажно цэлы месяц — з 23 жніўня да 23 верасьня.

Маёра Маркаўца асабліва цікавіць, каму належыць кампутарная тэхніка, якой карыстаецца грамадзкая арганізацыя.

Як мяркуе кіраўнік аддзяленьня "Грамадзянскіх ініцыятываў" Аляксандар Зайцаў, фінансавая міліцыя, відаць, мае намер сканфіскаваць наяўную тэхніку. Так, прынамсі, здарылася ў абласным офісе, калі дзесяць дзён таму ўправа КГБ паводле надуманай падставы вывезла ўсе кампутары грамадзкага аб'яднаньня.

Праўдападобна, праваахоўчыя органы напярэдадні выбараў імкнуцца паралізаваць дзейнасьць уплывовых грамадзкіх фармаваньняў.

Справа ў тым, што "Грамадзянскія ініцыятывы" і іхныя філіі ў райцэнтрах зьяўляюцца каардынатарамі незалежнага назіраньня. Міліцыя і КГБ спрабуюць перашкодзіць. Гэта тым больш відавочна, што пад праверку праваахоўчых органаў, апроч рэчыцкай, падпала зараз і жлобінская філія "Грамадзянскіх ініцыятываў".

Між тым, нягледзячы на ператрусы, сябры "Грамадзянскіх ініцыятываў" ня толькі не спынілі назіраньня, але й выступілі ініцыятарамі вулічных акцыяў у адзіным штабе кандыдата на прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Сёньня ў другой палове дня ў абласным цэнтры "Грамадзянскія ініцыятывы" арганізавалі паўтара дзясятка пікетаў. Непасрэдна на вуліцах гараджане атрымлівалі ўлёткі зь біяграфіяй і асноўнымі палажэньнямі перадвыбарчай праграмы Ўладзімера Ганчарыка.

Сёньня ж ягоны рэгіянальны штаб распачаў у горадзе акцыю "Ад дзьвярэй да дзьвярэй". Дзясяткі валанцёраў пайшлі па дамах гамельчукоў, каб раздаць агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку адзінага кандыдата ў прэзыдэнты спадара Ганчарыка.

XS
SM
MD
LG