Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЛУКАШЭНКА БАІЦЦА СКОНЧЫЦЬ ЯК МІЛОШАВІЧ”


Сяргей Шупа, Прага

З набліжэньнем 9 верасьня колькасьць публікацыяў пра Беларусь у замежным друку расьце з такой хуткасьцю, што рамкі нашых перадачаў дазваляюць рабіць толькі кароткі агляд, спыняючыся падрабязьней толькі на нечым больш цікавым і істотным.

Так чынам, сёньня – агляд загалоўкаў і кароткіх фрагмэнтаў артыкулаў у замежных газэтах, якія даволі поўна адлюстроўваюць інфармацыйную панараму перадвыбарчай Беларусі.

«Беларусь рыхтуецца да выбараў» - паведамляе чэская газэта Lidove Noviny. Любамір Гомбаш, карэспандэнт газэты ў Менску, зазначае, што калі б у Менску нейкі чэскі турыст чытаў бы толькі дзяржаўныя газэты, яму б і ў галаву не прыйшло, што праз тры тыдні ў краіне адбудуцца выбары, якія могуць на гады зьмяніць лёс Беларусі. Старонкі дзяржаўных газэтаў поўняцца пахвальнымі артыкуламі пра тое, які ў Беларусі руплівы й працавіты прэзыдэнт і якая дрэнная апазыцыя, што толькі замінае яму працаваць. Тое самае можна пабачыць і ў тэлевізіі, якая няспынна перадае рэпартажы пра шчасьлівую казачную краіну з добрым уладаром».

Шмат газэтаў пішуць пра агульную сытуацыю ў краіне: «Беларуская восень» - загаловак у нямецкім інтэрнэт-выданьні Netzeitung; «У Беларусі ўладарыць апошні эўрапейскі дыктатар» - піша чэская Lidove Noviny; «Краіна апошняга эўрадыктатара» - названы тэкст у славенская газэце Dnevnik. А латыская Neatkariga Rita Avize піша пра «Намэнклятурную рэвалюцыю ў Беларусі» - спыняючыся падрабязна на асобе аднаго з актыўных удзельнікаў выбарчай кампаніі Васіля Лявонава.

Жорсткія акцыі сілавых структураў супраць сродкаў масавай інфармацыі, якія «ня так, як трэба» асьвятляюць выбарчую кампанію – адзін з прыёмаў выбарчай барацьбы ўладаў супраць апанэнтаў. Вось загалоўкі: «Улады нападаюць на назіральнікаў і на прэсу» - паведамляе канадыйская Le Droit. «Беларуская міліцыя зноў прымае захады супраць мас-мэдыяў» - гэта ўжо швэйцарская Neue Zurcher Zeitung. «Беларусь апраўдвае канфіскацыю газэтаў» - піша The Washington Post і цытуе старшыню Дзяржкамдруку Падгайнага, які цьвердзіць, што не дапусьціць выхаду выданьняў, якія зьмяшчаюць (цытую) «недакладную інфармацыю».

Як яшчэ забясьпечыць «правільныя» вынікі выбараў? «Менск не пускае ў краіну назіральнікаў АБСЭ» - паведамляе нямецкая Suddeutsche Zeitung (Мюнхен) і распавядае пра тыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца назіральнікі, працу якіх улады спрабуюць ускладніць да немагчымасьці.

«Ці Лукашэнка загадваў забіваць апазыцыянэраў?» - пытаецца нямецкая Frankfurter Allgemeine Zeitung, а латыская Neatkariga Rita Avize паведамляе «Новыя зьвесткі пра беларускія эскадроны сьмерці».

Сытуацыю ў Беларусі за тры тыдні да выбараў падсумоўвае нямецкая Frankfurter Allgemeine Zeitung у кароткім камэнтары пад назовам «Лукашэнкаў страх»: «Лукашэнка баіцца скончыць, як Мілошавіч. Ягоны супернік змагаецца цяпер за перамогу дэмакратыі, а дыктатар змагаецца толькі за самога сябе».


XS
SM
MD
LG