Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ: ПЫТАНЬНЕ ПРАЗРЫСТАСЬЦІ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ У БЕЛАРУСІ МЫ РАЗГЛЯДАЕМ ЯК ПЕРШАЧАРГОВАЕ


Алена Пакратава, Менск

Дзьве сустрэчы, адну зь якіх ладзіла Сацыял-дэмакратычная фракцыя Бундэстагу, а другую — Беларуская амбасада ў Бэрліне, прыцягнулі да сябе найбольшы інтарэс з боку нямецкіх палітыкаў і палітолягаў. Нямецкае таварыства па замежнай палітыцы запрасіла да сябе міністра беларускага МЗС Міхаіла Хвастова, а сацыял-дэмакраты — прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыў ФРН, якія на працягу 10 апошніх год падтрымліваюць актыўнае гуманітарнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Найбольшы інтарэс быў да праблемы беларускіх выбараў, шляхоў да таго, каб зрабіць іх празрыстымі, а таксама да пытаньня — якіх стратэгічных партнэраў для супрацоўніцтва павінна шукаць цяпер Нямеччына.

Паводле палітолягаў з Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў з Мангайму, у часе сустрэчы ў Нямецкім таварыстве па замежнай палітыцы спадар Хвастоў па сутнасьці агучыў пазыцыю афіцыйнага Менску — у 90 выпадках са 100 перамога ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў нібыта застанецца за Алясандрам Лукашэнкам.

Адзін з мангаймскіх палітолягаў падкрэсьліў, што адказваючы на пытаньні нямецкага боку адносна скандалу з АБСЭ альбо гарантыяў правядзеньня ў Беларусі празрыстых і свабодных выбараў, кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства адчуваў сябе ня вельмі камфортна.

Прадстаўнікі ж нямецкіх палітычных колаў спыняліся на розных магчымых сцэнарах разьвіцьця выбарчай сытуацыі ў Беларусі. Моцны акцэнт ў часе абедзьвюх сустрэч рабілі на пытаньні пошукаў стратэгічнага партнэра ў беларускіх дэмакратычных колах. Паводле аналітыкаў, стаўка павінна рабіцца ня толькі на вядомых апазыцыйных лідэраў, але й на прадстаўнікох няўрадавых арганізацыяў дый таксама на нязгодную з рэжымам намэнклятуру.

Дэпутатка Бундэстатагу Ута Цапф паведаміла для беларускай службы Радыё Свабода: "У Нямеччыне вялікі інтарэс да працэсаў дэмакратычнага разьвіцьця ў Беларусі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб крызыс, які быў распачаўся ў 1996 годзе, быў пераадолены. Ёсьць вялікае кола палітыкаў, якія шукаюць шляхоў да дыялёгу як зь беларускай адміністрацыяй, так з парлямэнтам ды й няўрадавымі арганізацыямі. Таму ўвага да выбараў вельмі вялікая. У гэтым зьвязку пытаньне празрыстасьці прэзыдэнцкіх выбараў мы разглядаем як першачарговае. Мы сочым за падзеямі, якія адбываюцца ў краіне".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG