Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЕЙСКІЯ ГАЗЭТЫ ЗАЎВАЖЫЛІ ЎЦЁКІ АЛЕГА БАЖЭЛКІ НАЗАД У БЕЛАРУСЬ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Газэта “Коммерсанть” у артыкуле пад назовам “Лукашэнку падкінулі пісталет” пераказвае інтэрвію “Белорусской деловой газете” былога начальніка Менскага сьледчага ізалятару, палкоўніка Алега Алкаева, які “ініцыятарам зьнішчэньня вядомых беларускіх палітыкаў лічыць Юр’я Сівакова, экс-міністра ўнутраных справаў, а цяпер намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта”.

“Независимая газета” ў артыкуле “Дзівосныя шчырасьці беларускага Рэмба” распавядае пра сэнсацыйны зьмест відэакасэты са сьведчаньнямі былога вайскоўца спэцназу ў справе зьніклых вядомых палітыкаў і падкрэсьлівае, што гэта “выклікала вялізны рэзананс у Беларусі”.

“Время новостей” паведамляе, што былы генэральны пракурор Алег Бажэлка, які, паводле газэты, “апошнім часам хаваўся ў кельлі аднаго зь яраслаўскіх манастыроў”, “замест таго, каб пайсьці супраць “бацькі” і пацьвердзіць інфармацыю пра далучанасьць беларускага караўніцтва да зьнікненьняў вядомых палітыкаў, зьбег у Менск”. Газэта, якой Бажэлка адмовіўся даваць якія-небудзь камэнтары адносна і свайго зьнікненьня, і сваіх далейшых дзеяньняў, зазначае, што “людзі. якія кантактавалі з экс-пракурорам апошнім часам, кажуць, што ён быў вельмі напалоханы”.

Стан эканомікі і грамадзкія настроі беларусаў напярэдадні выбараў былі аб’ектам увагі карэспандэнткі “Трибуны” падчас ейнай вандроўкі па Гомельшчыне. Тацяна Корсакава часам іранізуе адносна якасьці беларускай прадукцыі, але яе ўразіла, што “цяпер перад прадпрыемствамі рэспублікі ставіцца задача выйсьці на дабелавескія абъёмы і тэмпы разьвіцьця. Многія перавысілі гэтую мяжу”. Наведаўшы дзяржпрадпрыемствы дый калгасы, журналістка зрабіла выснову: “Беларусаў можна зараз папракаць у чым заўгодна – ў прыхільнасьці да сацыялізму і пляну, у несупраціўленьні “жорсткай руцэ” Менску, у малой палітычнай актыўнасьці, у згодзе з палітыкай невысокага жыцьцёвага ўзроўню, але для ўсіх пароўну… Але вось чаго ў Беларусі пакуль ня бачна, дык гэта разбурэньня”. – Лічыць журналістка “Трибуны”.


Камэнтуюць расейскія газэты і зьняцьце сваёй кандыдатуры Сямёнам Домашам на карысьць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка. “Время новостей” піша, што “колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі скарацілася да небясьпечнага мінімуму”, і гэта “стала непрыемным сюрпрызам для беларускіх уладаў”. Іншая газэта – “Время МН”— лічыць, што з гэтай прычыны “цяпер Лукашэнку давядзецца вырашаць яшчэ адну тактычную задачу”, бо “Ганчарык набярэ нашмат больш галасоў, чым пры наяўнасьці іншага кандыдата, які абапіраецца на апазыцыйны электарат”.

Газэта “Известия” зьмяшчае артыкул “Лукашэнка і сінія вочы” з аналізам ягонай перадвыбарчай праграмы. Працытаваўшы Лукашэнку – “за мае ўчынкі вам ніколі не было й ня будзе сорамна,” – аўтарка артыкулу пералічае “ўчынкі” толькі аднаго дню: “невялікі касэтны скандал па-беларуску” і адмова афіцыйных асобаў яго пракамэнтаваць, канфіскацыя кампутарнай тэхнікі ў офісе арганізацыі “Незалежнае назіраньне” і выйманьне дакумэнтаў на абсталяваньне ў Беларускага клюбу выбаршчыкаў.

“А тым часам, – пішуць “Известия,” – “Лукашэнка запаўняе сабой першыя палосы дзяржаўных газэтаў – з трыма ружовымі гвазьдзікамі, усьмешкай на твары і маленькай сьветлавалосай дзяўчынкай. Магчыма, яна і сымбалізуе “сінявокую Беларусь”. Суправаджае гэтакі ілюстратыўны рад якраз перадвыбарчая праграма”. Цытуючы вытрымкі са зьмешчанай побач лукашэнкавай праграмы, журналістка называе яе “казкай”.


XS
SM
MD
LG