Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ДРУК ЗАЎВАЖЫЎ, ШТО ЛУКАШЭНКА ХОЧА КАМПЭНСАВАЦЬ АДСУТНАСЬЦЬ ПАДТРЫМКІ КРАМЛЯ КОЛЬКАСЬЦЮ РАСЕЙСКІХ ВІЗЫЦЁРАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Прычыну новага наступу на незалежны друк “Независимая газета” бачыць у тым, што (цытую): “Новыя сьведчаньні далучанасьці ўладаў да зьнікненьня і забойстваў вядомых у Беларусі людзей, што зьявіліся напярэдадні ў недзяржаўных СМІ, зьбянтэжылі кіраўніцтва рэспублікі. Улады, якія пераканаліся, што ім не стае дэмакратычных спасабаў спыніць “зьліў” інфармацыі, што яе ганьбіць, пайшла па апрабаваным шляху: пазбавіла незалежную прэсу магчымасьці друкавацца”. Так пачынаецца артыкул “Лукашэнка наступае: У беларускай апазыцыі вялікія праблемы”, зьмешчаны ў сёньняшнім нумары “Независимой газеты”.

Газэта “Время новостей” паведамляе, што “за два тыдні да выбараў у Беларусі амаль не засталося незалежных газэтаў”. Тым самым улады, паводле расейскага журналіста Юр’я Андрэева, “беларускім выбаршчыкам палегчылі жыцьцё”. “Паколькі дзяржаўныя друкарні друкаваць апазыцыйную прэсу адмаўляюцца, то шмат якім з гэтых выданьняў на час выбарчай кампаніі давядзецца перабрацца за мяжу, тым больш, такі вопыт у іх ёсьць,” – піша газэта “Время новостей” і цытуе галоўнага рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча, што газэта “будзе выходзіць, пакуль ён жывы”.

Падзеі апошніх дзён у Беларусі газэта “Ізвестия” асьвятляе ў артыкуле пад назовам “Арыштаванае слова: Беларускія газэты апынуліся на мушцы”, а газэта “Коммерсантъ” тлумачыць сваім чытачам: тое, што “беларускія ўлады паквапіліся на кампутары”, азначае, што “напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня яны ідуць пратоптанай сьцежкай, узмацняючы сілавы ціск на апазыцыю і яе СМІ.”

Сёньня зноў расейскія газэты зьвяртаюць увагу на нечаканае вяртаньне былога генэральнага пракурора Беларусі Алега Бажэлкі з Расеі ў Беларусь. “Независимая газета” піша, што “вяртаньне Алега Бажэлкі ў Беларусь дае грамадзкасьці надзею, што ён загаворыць і распавядзе пра вядомыя яму факты зьнікненьня ў рэспубліцы вядомых палітыкаў і бізнэсоўцаў, журналістаў”.

“Новые Известия” пішуць пра тое, як звычайны грамадзянін Беларусі Ігар Кавалевіч, спасылаючыся на канстытуцыйныя нормы, спрабуе праз суд даказаць, што Лукашэнка ня мае права балятавацца на прэзыдэнта, бо ён ужо пры пасадзе другі тэрмін. І хоць “законнасьць такой пастаноўкі пытаньня пацьвердзіў судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў,” – пішуць “Новые Известия,” – “судзьдзі ў Беларусі сёньня занадта залежныя ад кіраўніка дзяржавы, каб прыняць рашэньне не на ягоную карысьць.”

“Запрагайце, хлопцы, зуброў” – пад такім загалоўкам “Время новостей” аналізуе працэс інтэграцыі беларускіх заводаў у холдынг “Руспромавто”. Тут жа – два інтэрвію: генэральных дырэктараў МАЗа і БелАЗа. Апошні заявіў, што ён ня бачыць вялікага сэнсу ў тым, каб завод інтэграваўся ў расейскую аўтамабільную вытворчасьць дый магчымасьцяў у завода такіх няма – іншыя тэхналёгіі ды іншыя пакупнікі ў БелАЗа.

І, нарэшце, візыт віцэ-спікера Дзярждумы Расеі Ўладзімера Жырыноўскага ў Менск. Газэта “Коммерсантъ” прыводзіць шматлікія агітацыйныя выказваньні расейскага палітыка на адрас кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, адно зь якіх нават выносіцца ў загаловак артыкулу: “Аляксандар Лукашэнка – Мінін і Пажарскі ў адной асобе”. “Коммерсантъ” піша, што да Жырыноўскага ўжо з падтрымкай Лукашэнкі прыяжджалі ў Менск Зюганаў, Вольскі, цяпер гавораць пра прыезд Лужкова, Прымакова. Але “ніводнага з гэтых палітыкаў нават зь вялікай нацяжкай нельга залічыць да бліжэйшага атачэньня расейскага прэзыдэнта”. – піша “Коммерсант”. – “Аднак спадар Лукашэнка, напэўна, вырашыў узяць колькасьцю гасьцей з Расеі, спрабуючы такім чынам запоўніць адсутнасьць падтрымкі Крамля”.


XS
SM
MD
LG