Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА — САМЫ БЕДНЫ З КАНДЫДАТАЎ?


Валер Каліноўскі, Менск

Летась Аляксандар Лукашэнка атрымаў 3 мільёны 776 рублёў заробку. Ён таксама задэкляраваў вясковы дом у Шклоўскім раёне, якім ён валодае разам з жонкай Галінай Радзівонаўнай. Апошняя яшчэ задэкляравала 56 акцыяў Шклоўскага маслабойнага заводу. Апрача гэтага, задэкляраваны толькі матацыкл менскай вытворчасьці, якім валодае сын Лукашэнкі Віктар. Ні ён, ні маці Аляксандра Рыгоравіча Кацярына Трафімаўна ніякай нерухомасьцю афіцыйна не валодаюць.

Канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі фармальна больш багатыя. Сяргей Гайдукевіч, напрыклад, мае 2 аўтамабілі МАЗ, легкавікі "БМВ" і "Волга", кватэру ў Менску, дом у Менскім раёне зь зямельным участкам. Адзіны кандыдат ад апазыцыі Ўладзімер Ганчарык летась атрымаў 5 мільёнаў 315 тысяч даходу, ён мае кватэру ў Менску, гараж, матаблёк і прычэп да МТЗ, а таксама 21 акцыю мэханізаванй калёны з Чэрвеню.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянска партыі Анатоль Лябедзька ня верыць у праўдзівасьць дэклярацыі Аляксандра Лукашэнкі. У інтэрвію Свабодзе ён заявіў, што Лукашэнкава дэклярацыя разьлічаная на недасьведчаных людзей.

(Лябедзька: ) "Аляксандар Рыгоравіч невыпадкова трапляў у сьпіс самых багатых людзей у Беларусі — у першую дзясятку разам зь Ціцянковым. Аб гэтым былі публікацыі ў расейскай прэсе. Я думаю, што ягоны асабісты грашовы рахунак складае дзесьці каля 2 мільярдаў даляраў — зыходзячы з таго, колькі грошай ішло ў ценявы прэзыдэнцкі бюджэт, пачынаючы з "Торгэкспа", фонду Эсамбаева і гэтак далей.

Многае проста ня ўлічанае, сёе-тое, чым карыстаецца А.Лукашэнка, знаходзіцца не на ягоным асабістым рахунку, балянсе, але тым ня менш гэта не азначае, што гэты чалавек жыве на 320 даляраў сваёй зарплаты", — паведаміў нашаму радыё Анатоль Лябедзька, аўтар некалькіх артыкулаў пра матэрыяльны дабрабыт Аляксандра Лукашэнкі.


XS
SM
MD
LG