Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЁМАСЬЦЬ ДРУКАРНЯЎ "МЭДЖЫК" І "ЗНАМЕНИЕ" ДАГЭТУЛЬ АПЯЧАТАНАЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Многія рэдактары незалежных газэтаў яшчэ ўчора спадзяваліся, што арышт з абсталяваньня друкарні "Мэджык" будзе зьняты. Аднак гэтыя спадзяваньні былі марныя.

Дырэктар друкарні Юры Будзько гаворыць, што ўчора ўвечары начальнік Першамайскага райаддзелу Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў Генадзь Жылінкоў паабяцаў яму, што сёньня раніцай здымуць арышт з друкарскага абсталяваньня. Гаворыць Юры Будзько:

(Будзько: ) "Сёньня з раніцы ён у пракуратуры, яго няма. Я лічу, што гэта й ёсьць адказ — проста цягнуць час. На жаль, заканадаўства такое, што мы проста безабаронныя. Мы цяпер напісалі скаргі і ў пракуратуру, і ў Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў, але, паводле закону, адказу мы павінны чакаць на працягу месяца. Празь месяц нам могуць паведаміць, што дзеяньні былі незаконныя, і яны спыненыя".

Спадар Будзько лічыць, што супрацоўнікам фінансавай міліцыі проста далі загад любым чынам спыніць выхад незалежных выданьняў на пэрыяд выбарчай кампаніі. Сам спадар Жылінкоў паведаміў нашаму радыё, што тое, калі будзе зьняты арышт з друкарні "Мэджык" залежыць ад кіраўніцтва друкарні. Паводле Генадзя Жылінкова, кіраўніцтва "Мэджыку" нібыта ня хоча даваць яму дакумэнтаў на друкарскае абсталяваньне ды іншыя патрэбныя матэрыялы.

Нягледзячы на тое, што сёньняшні нумар "Народнай волі" ня выйшаў, супрацоўнікі рэдакцыі былі на сваіх месцах. Раніцай яны разам з галоўным рэдактарам Іосіфам Сярэдзічам езьдзілі ў Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў і тлумачылі, што сканфіскаваныя ў рэдакцыі кампутары ёсьць іхнай, супрацоўнікаў, уласнасьцю. Сёньня журналісты рыхтавалі матэрыялы для наступных нумароў выданьня. Гаворыць намесьнік галоўнага рэдактара "Народнай волі" Анатоль Казловіч:

(Казловіч: ) " Народная воля" зьявіцца ў друку можа нават заўтра, і можа праз друкарню "Мэджык", дзеля гэтага ўсё робіцца. Таму што там ня ўсё правільна, ня ўсё законна. Друкарня "Мэджык" — гэта палітычны аб'ект, усе гэта разумеюць".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Казловіч, на чым грунтуецца вашая ўпэўненасьць, што чарговы нумар газэты можа зьявіцца заўтра ў друкарні "Мэджык"?"

(Казловіч: ) "Выключна на надзеі, і на тым, што мы пераможам".

Супрацоўнікі Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў таксама апячаталі кампутар і манітор у рэдакцыі газэты "Наша свабода". Як паведаміў намесьнік галоўнага рэдактара гэтага выданьня Кастусь Тарасаў, гэта зрабілі на той падставе, што гэтая тэхніка не лічылася на балянсе рэдакцыі. На думку спадара Тарасава, улады могуць прыпыніць выпуск газэты ў любы момант.

Дарэчы, каб бараніць маёмасьць "Нашай свабоды" ад канфіскацыі, каля рэдакцыі ўчора сабралася прыкладна 30 актывістаў руху "Зубр". Прыехаў міліцэйскі патруль з аўтаматамі, але да сутычкі не дайшло.

Разам з арыштам маёмасьці "Мэджыка" было апячатанае й памяшканьне фірмы "Знамение", дзе друкаваліся агітацыйныя матэрыялы Ўладзімера Ганчарыка. Сёньня кіраўніца штабу адзінага кандыдата Валянціна Палевікова паведаміла, што гэтыя ўлёткі й буклеты прыйшлося тэрмінова памнажаць на ксэраксе.

Тым часам кіраўніцтва БАЖ паінфармавала пра арышт маёмасьці незалежных друкарняў некалькі дзясяткаў журналісцкіх і праваабарончых міжнародных арганізацыяў.


XS
SM
MD
LG