Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКУ НЕ ЗАПРАСІЛІ НА СЬВЯТКАВАНЬНЕ 10-ГОДЗЬДЗЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ ЎКРАІНЫ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня Ўкраіна сьвяткуе 10-годзьдзе сваёй незалежнасьці. 24 жніўня 1991 году пасьля няўдалага савецкага путчу ўкраінская Вярхоўная Рада надала статус канстытуцыйнага закону Дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт Украіны. Вярхоўны Савет Беларусі зрабіў аналягічны крок на дзень пазьней, але заўтра афіцыйны Менск сьвяткаваць 10-годзьдзе сваёй незалежнасьці ўвогуле не зьбіраецца.

Аляксандру Лукашэнку ня выпала адсьвяткаваць і ўгодкі ўкраінскае незалежнасьці. Для прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы галоўнымі гасьцямі сталі ягоныя калегі з Расеі й Польшчы — Уладзімер Пуцін і Аляксандар Квасьнеўскі.

Я патэлефанаваў у Кіеў прэсаваму сакратару прэзыдэнта Кучмы Аляксандру Мартынэнку й задаў яму пытаньне: "Чаму ў Кіеў не запрасілі спадара Лукашэнку?"

(Мартынэнка: ) "Адказваю: на сьвята мы не запрашалі нікога".

(Карэспандэнт: ) "А чаму прыехалі Пуцін і Квасьнеўскі?"

(Мартынэнка: ) "Таму, што гэта было паводле дамоўленасьці бакоў. Дасягнутая такая дамоўленасьць з прэзыдэнтамі, улічваючы той факт, што Расея й Польшча ёсьць стратэгічнымі партнэрамі Ўкраіны".

(Карэспандэнт: ) "Беларусь ня ёсьць стратэгічным партнэрам?"

(Мартынэнка: ) "Ну, у нас заяўленае стратэгічнае партнэрства з Расеяй і Польшчай. І яшчэ са Злучанымі Штатамі", — сказаў Аляксандар Мартынэнка, прэсавы сакратар прэзыдэнта Ўкраіны.

Пакуль прэзыдэнты Расеі й Польшчы былі ў Кіеве, Аляксандар Лукашэнка наведваў Баранавічы, дзе, у прыватнасьці, заявіў, што Ўкраіна павінна вярнуць Беларусі 250 мільёнаў даляраў. Неаднаразовыя Лукашэнкавы заявы пра ўкраінскі дзяржаўны доўг Менску пракамэнтаваў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі з нагоды сьвята амбасадар Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь:

(Дронь: ) "Зьнешняга доўгу няма. Нідзе гэта не прызнана й не зафіксавана. Ёсьць пытаньні ўрэгуляваньня даўгавых забавязаньняў суб'ектаў гаспадараньня за 1992 год. Некаторыя журналісты называюць гэта дзяржаўным доўгам. Ніколі не было дзяржаўнага доўгу!" — заявіў Анатоль Дронь, украінскі амбасадар у Менску.

Аднак Аляксандар Лукашэнка на сваёй апошняй даступнай для ўсіх журналістаў прэсавай канфэрэнцыі 5 траўня 1998 году адкрыта заявіў: пакуль Украіна ня верне Беларусі даўгі, "палата прадстаўнікоў" не ратыфікуе двухбаковую дамову пра дзяржаўную мяжу. І сапраўды, Аляксандар Лукашэнка ўжо некалькі гадоў не дасылае гэтую дамову на ратыфікацыю ў "палату".

Ці мае Ўкраіна з кім-небудзь са сваіх суседзяў такую ж праблему зь мяжой, як зь Беларусьсю? Вось як адказаў мне на гэтае пытаньне амбасадар Дронь:

(Дронь: ) "Украіна зараз вырашае праблему мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй — завяршаецца дэлімітацыя мяжы, а яна ў нас найбольш працяглая. Зь іншымі краінамі было пытаньне з Малдовай — у нас адбыўся абмен зямельнымі ўчасткамі.

То бок засталася не праблема, а такія пытаньні зь Беларусьсю... Увогуле, праблемы ніводнай у нас няма зь мяжой. Ёсьць тэхнічная гэтая праблема ратыфікацыі дамовы. І ўсё".

29 жніўня ля ўкраінскай амбасады ў Менску будзе адкрыты помнік Тарасу Шаўчэнку. Чакалі, што на цырымонію прыедзе прэзыдэнт Леанід Кучма. Аднак ягоны прэсавы сакратар Аляксандар Мартынэнка сказаў мне сёньня, што нічога ня ведае пра такія пляны спадара Кучмы.


XS
SM
MD
LG