Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЭС СЯМ’І ЧЫГІРОЎ СУПРАЦЬ БТ СЁНЬНЯ ПЕРАПЫНІЛІ З-ЗА АДСУТНАСЬЦІ АДКАЗЬНІКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ужо на працягу пяці месяцаў Чыгіры спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці Беларускую тэлерадыёкампанію і ейных супрацоўнікаў Дзьмітрыя Косьціна, Юр'я Пракопава, Уладзімера Мартынава, а таксама вядучага адной з праграмаў Яўгена Новікава.

Міхаіл і Юлія Чыгіры лічаць, што распаўсюджаныя гэтымі асобамі зьвесткі пра тое, што іхны сын Аляксандар злачынец, ёсьць паклёпам. Яны патрабуюць выплаціць ім 100 тысяч даляраў кампэнсацыі і публічна абвергнуць распаўсюджаныя зьвесткі.

З розных прычынаў працэс неаднаразова адкладвалі. Спачатку судзьдзя Аніскевіч пайшоў у трохмесячны адпачынак, потым яшчэ месяц хварэў. Нарэшце сёньня паседжаньне адбылося, але працаваў суд нядоўга.

Спачатку задаволілі хадайніцтва Чыгіроў аб далучэньні да справы дакумэнтаў, якія павінны даказаць незаконны перасьлед Чыгіра-малодшага міліцыянтамі. Пасьля ўзьнікла пытаньне: ці згодныя яны разглядаць справу без адказчыкаў. Высьветлілася, што катэгарычна супраць. Міхаіл Чыгір так патлумачыў сваю пазыцыю Радыё Свабода:

(Міхаіл Чыгір: ) "Я хацеў бы паглядзець ім у вочы, хацеў бы, каб яны пачыталі дакумэнты, якія ёсьць у судзе, яны ж нічога ня бачылі. Лічу, што сама спроба прыцягнуць, так бы мовіць, на вяроўцы ў суд людзей, якія займаліся паклёпам на нас, будзе вельні карыснай. Праўда, я перакананы, што зрабіць гэтага судзьдзя ня зможа. Такім чынам, мы яшчэ раз убачым, што ў нас пакуль няма нармальнай судовай сыстэмы, здольнай прымаць рашэньні паводле закону".

Наступнае паседжаньне суду адбудзецца яшчэ празь месяц. Гэткі перапынак судзьдзя Аніскевіч патлумачыў вялікай занятасьцю. У прыватнасьці, неўзабаве яму давядзецца разглядаць пазовы да БТ Сямёна Домаша і Паўла Казлоўскага.


XS
SM
MD
LG