Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ "КОЛА НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ" САМКНУЛАСЯ ВАКОЛ ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ АДМІНІСТРАЦЫІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Гэта ўжо трэці раз, калі "Ланцуг неабыякавых людзей" паўстае на вуліцах Менску. Першыя дзьве акцыі 18 траўня і 26 ліпеня праходзілі на праспэкце Скарыны. На гэты раз людзі, якія хочуць ведаць праўду пра зьніклых, утварылі жывое кола вакол адміністрацыі беларускага прэзыдэнта. Яны трымалі ў рукох партрэты зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара і Юр'я Захаранкі, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, партрэты памерлых пры падазроных абставінах Генадзя Карпенкі і Анатоля Майсені, а таксама палітычных вязьняў Валер'я Шчукіна ды Андрэя Клімава.

Акцыя праходзіла ад 5-й да 6-й гадзіны вечара, і прайшла даволі спакойна, хаця й было шмат розных прадстаўнікоў праваахоўчых органаў у форме і ў цывільным. Адчувалася, што напачатку ўдзельнікі ланцуга асьцерагаліся дзеяньняў міліцыі, але паступова жывое кола абкружыла з усіх бакоў вялізны будынак рэзыдэнцыі, дзе, дарэчы, раней месьціўся ЦК КПБ. Пра псыхалягічнае значэньне сёньняшняй акцыі гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Пад вокам тэлекамэраў і побач з прысутнасьцю журналістаў нічога экстраардынарнага не адбываецца. Разам з тым па Беларусі ўжо за 50 кілямэтраў ад Менску ідуць рэпрэсіі супраць людзей, якія выходзяць з партрэтамі зьніклых ці тых, хто знаходзіцца ў турме. На жаль, гэта сёньняшняя рэчаіснасьць.

Тут, у Менску, Лукашэнка ўсё ж баіцца. Міжнародныя назіральнікі ужо прыехалі, прадстаўнікі дыпляматычных місіяў... Ён няўтульна сябе пачувае сёньня, бо да яго рэзыдэнцыі прыйшлі людзі й сталі з партрэтамі. Яны ведаюць, што могуць быць нейкія рэпрэсіі. Таму акцыя ў сэнсе прыбаўкі псыхалягічнага настрою вельмі каштоўная".

Анатоль Лябедзька таксама нагадаў, што яшчэ год таму, калі некалькі дэпутатаў Вярхоўнага Савету спрабавалі дайсьці да рэзыдэнцыі з партрэтамі зьніклых, іх спынілі літаральна за некалькі кварталаў да адміністрацыі. А вось цяпер сотні людзей стаялі каля будынку адміністрацыі, выказваючы свае меркаваньні й задаючы пытаньне: "Дзе зьніклыя?" У "Ланцугу неабыякавых людзей" таксама ўзяў удзел былы кандыдат у прэзыдэнты Сямён Домаш. Вось ягонае меркаваньне:

(Домаш: ) "Гэта пераадоленьне таго страху, які за гэтыя сем гадоў панаваньня Лукашэнкі ўкараняўся ў сьвядомасьць нашых людзей. А сёньняшняя акцыя — якраз дэманстрацыя гэтых людзей, што яны ўжо не баяцца. Маўчаньне ўладаў — гэта дэманстрацыя таго, што ўладам няма чаго сказаць людзям, што яны ўжо ня могуць гарантаваць бясьпеку нашым грамадзянам".

А шостай гадзіне, перад заканчэньнем акцыі, усе ўзяліся за рукі, узьнялі іх угару і некалькі хвілінаў так прастаялі, паказваючы сваю салідарнасьць і еднасьць.

Міліцыя не выяўляла асаблівай актыўнасьці й не перашкаджала правядзеньню акцыі.

XS
SM
MD
LG