Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ АПЫНУЛАСЯ Ў ДЗЯСЯТЦЫ ГАЛОЎНЫХ ЭКСПАРТЭРАЎ ЗБРОІ Ў СЬВЕЦЕ


Мікола Іваноў, Прага

Амэрыканскія аналітыкі міжнароднага гандлю зброяй сьцьвярджаюць, што ЗША, Расея і Францыя – тры галоўныя экспартэры зброі на сьвеце. ЗША ў мінулым 2000-м годзе падпісалаі гандлёвых кантрактаў у гэтай галіне на суму 12 млрд. 600 млн. даляраў, Расея – 7 млрд. 400 млн., і Францыя – 2 млрд. 100 млн. даляраў.

У дзясятцы галоўных экспартэраў таксама: Вялікая Брытанія, КНР, Нямеччына і Італія. Восьмае месца займае Беларусь і 10-е – Украіна. Абедзьве краіны паставілі ў мінулым годзе сваім замежным кліентам узбраеньняў на суму прыблізна ў 200 млн. даляраў.

На працягу чатырох апошніх гадоў з 1997 па 2000 год гандаль зброяй прынес Украіне 1,5 млрд. даляраў, а Беларусі 1 млрд. 100 млн. даляраў.

На думку міжнародных экспэртаў, падобная аднабаковая арыентацыя беларускай і ўкраінскай гаспадарак сьведчыць не аб эканамічных дасягненьнях, а аб іх стагнацыі.

Рычард Торнтан, прафэсар гісторыі і міжнародных адносінаў унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона, лічыць, што продаж такой значнай колькасьці зброі Беларусьсю і Ўкраінай – сьведчаньне неадпаведнага разьвіцьця іх гаспадарак у постсавецкі пэрыяд.

(Торнтан: ) “Іх гаспадаркі вельмі вузка, адбакова спэцыялізаваныя такім чынам, як быццам перад крахам камунізму. Усё гэта раней было часткаю савецкай эканомікі. Адна з галоўных прычынаў развалу Савецкага Саюзу якраз і палягае ў тым, што немагчыма было пашырыць эканамічную базу так, каб задаволіць спажывецкі попыт”.

Торнтан абвінавачвае ў гэтым кіраўніцтва абедзьвюх краінаў. Ён прыгадвае, што пасьля другой усясьветнай вайны амэрыканскія кампаніі вельмі хутка пераарыентаваліся з ваеннай вытворчасьці на спажывецкія тавары. Ён падкрэсьлівае:

(Торнтан: ) “У іх было цэлае дзесяцігодзьдзе, каб правесьці працэс пераарыентацыі, але я ня бачу, каб нешта адбылося”.

Андэрс Аслунд, эканамічны аналітык Вашынтонскага цэнтру Карнэгі, сьцьвярджае, што беларускі ўрад так мала зрабіў у справе пераарыентацыі сваёй гаспадаркі, што цяпер некаторыя іншыя краіны ня хочуць мець зь Беларусьсю нічога супольнага. Аслунд лічыць, што беларускія ўлады не пераймаюцца тым, куды накіроўваецца іх зброя:

(Аслунд: ) “Беларусь гатовая прадаваць каму заўгодна, і ў сувязі з тым, што Беларусь амаль дзяржава-ізгой, яна найбольш небясьпечная з пункту гледжаньня амэрыканскай вонкавай палітыкі”.

Аслунд лічыць, што да мінулага году тое самае датычыла і Ўкраіны, але прэм’ер-міністар Украіны Віктар Юшчанка пачаў праводзіць эканамічныя рэформы. І няглядзячы на тое, што пад націскам левай бальшыні парлямэнту Юшчанка быў вымушаны пайсьці ў адстаўку, ягоныя рэформы працуюць, і сёлета Ўкраіна будзе мець амаль 10-адсоткавы эканамічны рост.

Для Беларусі ж, лічыць экспэрт-эканаміст Аслунд, адзінае надзея прагаласаваць супраць Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 9 верасьня. Аслунд выказвае памяркоўны аптымізм у справе будучыні Беларусі, але толькі таму, што Лукашэнка, магчыма, ня будзе пераабраны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG