Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАЙДУКЕВІЧ АДКІНУЎ УСЕ АБВІНАВАЧАНЬНІ ЖЫРЫНОЎСКАГА


Юры Сьвірко, Менск

Жырыноўскі выказаў абурэньне тым, што спадар Гайдукевіч нібыта захапіў сабе "мільёны даляраў ад арабскіх сяброў". Паводле Жырыноўскага, менавіта Лібэрал-дэмакратычная партыя Расеі "вывела Сяргея Гайдукевіча на зьнешні рынак".

(Гайдукевіч: ) "Што яшчэ далей камэнтаваць? Калі ён сам кажа, што зь лістапада 1995 году ніякіх кантактаў не падтрымлівае, — што ён ад мяне хоча? Ён грошы камусьці даваў? Дык хай яшчэ дасьць — на "перадвыбарку".

(Карэспандэнт: ) "Ён кажа, што мільёны даляраў Вам давалі "нашыя арабскія сябры"...

(Гайдукевіч: ) "Вой, няхай падкажа, куды паехаць за імі, — я б з задавальненьнем... Ці ў Цэнтарвыбаркам няхай перадасьць якія-небудзь рахункі "сяброў" і ўсё астатняе. Можа, нешта пераблытаў?

А тое, што мяне радуе, — тое, што Зюганаў кажа на мяне: "Гайдукевіч ня мае рацыі". Жырыноўскі крычыць, што рана змагацца за ўладу. Кажуць, Прымакоў прыяжджае — будзе гаварыць: "Сярога, ты ня маеш рацыі".

Давайце ўвесь ужо палітычны бамонд Расеі супраць нас з Ганчарыкам выклікайце! Відаць, зусім кепска тут. Зусім кепска, калі ўжо ня ведаюць, каго сюды абліваць брудам прывозіць".

(Карэспандэнт: ) "Сяргей Васільевіч, яшчэ Жырыноўскі казаў, што Вы для яго — "вораг нумар адзін".

(Гайдукевіч: ) "Я для яго вораг нумар адзін? Ну дык гэта ж добра! У вас хоць усе пытаньні адпадуць пра сувязі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі й Расеі. Хоць ня будзеце мяне наступным разам бянтэжыць па тэлефоне..."

(Карэспандэнт: ) "Вы не зьбіраецеся, дарэчы, вашую партыю перайменаваць?"

(Гайдукевіч: ) "Я? Ніколі ў жыцьці! Таму што гэта ва Ўладзімера Вольфавіча назва партыі не адпавядае яе сапраўднаму сэнсу. А наша партыя — сапраўдная лібэральна-дэмакратычная партыя, і я з гордасьцю нашу назоў лідэра гэтае партыі — сувэрэннае, незалежнае дзяржавы Рэспублікі Беларусь".

(Карэспандэнт: ) "А яшчэ ён кажа, што Гайдукевіч не вылазіць з амэрыканскае й брытанскае амбасадаў".

(Гайдукевіч: ) "Я вельмі рады й ганаруся, што людзі дэмакратычнае скіраванасьці ды краіны зь вялікім дэмакратычным мінулым мяне прымаюць".

(Карэспандэнт: ) "Апошняе пытаньне. Жырыноўскі папярэдзіў, што "спыніць усе сувязі Гайдукевіча з арабскім сьветам". Што гэта значыць?"

(Гайдукевіч: ) "Гэта значыць, што ў мяне іх ніколі не было. Таму што спыняць няма чаго. Таму потым ён заявіць празь дзень, што ўсё спыніў. Га-га-га-га".

XS
SM
MD
LG