Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІСІЯ БДІПЧ ПАДКРЭСЬЛІВАЕ, ШТО ВЫМУШАНАЯ ВЕСЬЦІ Ў БЕЛАРУСІ ТОЛЬКІ АБМЕЖАВАНАЕ НАЗІРАНЬНЕ


Уладзімер Глод, Менск

Такім чынам, поўная назва місіі гучыць цяпер так — "місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ў абмежаваным назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі". Такое ўдакладненьне тлумачаць тым, што па-за непасрэдным назіраньнем міжнародных экспэртаў засталіся важныя кампанэнты выбарчай кампаніі. Гаворыць кіраўнік місіі спадар Бальян:

(Бальян: ) "Мы прапусьцілі ўвесь працэс збору подпісаў кандыдатамі; мы прапусьцілі, па-другое, працэс рэгістрацыі; па-трэцяе, мы прапусьцілі ўсе спрэчкі і апэляцыі, якія ўзьнікалі падчас працэсу рэгістрацыі кандыдатаў; па-чацьвертае, першы тыдзень з чатырох выбарчай кампаніі і самы пачатак гэтай кампаніі; па-пятае — першы тыдзень асьвятленьня кампаніі мас-мэдыямі. Усё гэта надзвычай важныя элемэнты назіраньня ў любой краіне, ня толькі ў Беларусі".

Гэтым разам, адрозна ад тэхнічнай місіі летась, сярод міжнародных назіральнікаў Бюро ёсьць некалькі экспэртаў з Расеі. Я спытаў аднаго зь іх — сябра навукова-мэтадычнай камісіі пры Цэнтарвыбаркаме Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімера Лысенку, ці не паўплываюць асаблівыя адносіны Беларусі і Расеі на аб'ектыўнасьць расейскіх назіральнікаў. У адказ пачуў наступнае:

(Лысенка: ) "Задача нашай місіі — ацаніць стан выбарчага заканадаўства, і асабліва практыку ягонага выкарыстаньня. Ці адпавядаюць яны міжнародным выбарчым стандартам, — у прыватнасьці, стандартам АБСЭ, якія прыняла на сябе Рэспубліка Беларусь. Мы адказваем толькі за мандат нашай місіі, з пункту гледжаньня неперадузятай ацэнкі арганізацыі, падрыхтоўкі, правядзеньня выбараў".

Місія працягвае спробы атрыманьня візаў для двух ключавых, паводле словаў Граера Бальяна, супрацоўнікаў місіі — Эндру Бруса і Браяна Бонара, якім беларускія ўлады адмовілі ва ўязных візах.

Сёньня два экспэрты БДІПЧ накіраваліся ў Магілёў. Такім чынам, цяпер экспэрты будуць працаваць ва ўсіх без выключэньня абласных цэнтрах Беларусі.

XS
SM
MD
LG