Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РЭДАКТАРЫ ВЫДАНЬНЯЎ, ШТО ДРУКАВАЛІСЯ Ў “МЭДЖЫКУ”, СУСТРЭЛІСЯ З ЖУРНАЛІСТАМІ


Ганна Соусь, Менск

Пасьля таго, як учора ўвечары супрацоўнікі Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў апячаталі памяшканьне друкарні "Мэджык", пацярпелі некаторыя незалежныя выданьні.

Не надрукавалі накладу газэты "Рабочы". А газэта "Народная воля", у сёньняшнім нумары якой зьмясьцілі перадвыбарчую праграму Ўладзімера Ганчарыка, выйшла накладам усяго 12 тысяч асобнікаў замест 42 тысяч. Гэтыя нумары разаслалі ў шапікі Менску. У іншыя гарады Беларусі газэта ня трапіла, не атрымалі яе і падпісчыкі.

Распавядае дырэктар "Мэджыку" Юры Будзько:

(Будзько: ) "Сёньня мы павінны друкаваць шэсьць газэтаў, і выпуск гэтых газэтаў пад сумневам. Мы напісалі скаргі на процізаконныя дзеяньні ў пракуратуру і ў суд".

Галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч робіць розныя захады, каб выправіць сытуацыю. Учора ён накіраваў тэлеграмы Аляксандру Лукашэнку і Ўралу Латыпаву, сёньня — у місію АБСЭ й Цэнтарвыбаркам. Паводле Іосіфа Сярэдзіча, улады робяць усё, каб сарваць выбары.

(Сярэдзіч: ) "Таму што яны ведаюць, што пры нармальных умовах выбары будуць на карысьць адзінага кандыдата. І вось усё робіцца сёньня, каб такім чынам сарваць гэтыя выбары. Што нам застаецца? Па-першае, дачакацца, як будуць разгледжаныя нашыя тэлеграмы. Калі вынікі будуць адмоўныя?.. Я сёньня вёў перамовы са старшынём Дзяржкамітэту па друку спадаром Падгайным. Калі канфлікт ня будзе ўрэгуляваны, давайце тэрмінова заключым дамоўленасьць, скажам, з друкарняй "Чырвоная зорка".

Іосіф Сярэдзіч таксама зьвярнуўся да генэральнага дырэктара Беларускага Дома друку. Калі ж усе гэтыя намаганьні не дадуць плёну, галоўны рэдактар "Народнай волі" плянуе друкаваць газэту за межамі Беларусі, у Літве альбо Польшчы.

(Сярэдзіч: ) "Мы можам нават абысьціся бяз мытнага кантролю. Мы будзем перакідваць наклады "Народнай волі" паветранымі шарамі на тэрыторыю Беларусі. Тут будзем падбіраць (калі гэта атрымаецца) і распаўсюджваць такім чынам для падпісчыкаў і ў розьнічны гандаль. "Народная воля" будзе выдавацца да таго часу, пакуль на гэтай зямлі будзе жывы хоць адзін беларус".

А галоўны рэдактар "Нашай свабоды" Павал Жук, спаслаўшыся на ўласныя крыніцы інфармацыі, паведаміў, што існуе загад Лукашэнкі закрыць буйныя апазыцыйныя газэты, а таксама 16 рэгіянальных выданьняў. І цяпер гэты загад выконваецца, пра што й сьведчаць шматлікія фінансавыя праверкі ў рэдакцыях, арышт маёмасьці друкарні "Мэджык" ды іншае. Дарэчы, газэта "Наша свабода" цяпер друкуецца ў "Чырвонай зорцы", але спадар Жук мае сумнеў, ці выйдзе наступны нумар.

Якім чынам незалежныя выданьні могуць цяпер засьцерагчыся ад падобных дзеяньняў уладаў? На гэтае пытаньне Радыё Свабода Павал Жук адказаў наступным чынам:

(Жук: ) "Ніякіх гарантыяў няма. Тут адзіная гарантыя можа быць — перамога на выбарах. Іншай гарантыі ня можа быць".

А Іосіф Сярэдзіч параіў усім рэдакцыям ствараць уласную службу аховы.

Паводле Юр'я Будзька, памяшканьне друкарні "Мэджык" можа быць апячатанае ажно да прэзыдэнцкіх выбараў.

XS
SM
MD
LG