Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ АГІТАТАРАМ ЗА ЛУКАШЭНКУ РАЯЦЬ НАВАТ ЗАІКАЦЦА, ЦЫТУЮЧЫ ФРАЗЫ ЛУКАШЭНКАВЫХ СУПЕРНІКАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Прыкладам, у Слоніме ўлады сабралі кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў, іхных намесьнікаў, школьных дырэктараў. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Анатоль Бялянін папярэдзіў: калі хто не за ўладу, дык хай адразу пакіне памяшканьне. Ды каб прысутныя не выносілі пачутага за сьцены выканкаму.

Пасьля агульнагарадзкога, інструктаж сталі праводзіць на прадпрыемствах, у школах, нават і ў працоўны час. Мэта — забясьпечыць перамогу Лукашэнкі на выбарах. Такую працу ўлады праводзяць і ў іншых гарадах вобласьці.

Удзельнікі агітацыйнай кампаніі атрымалі падрабязную інструкцыю, якую склалі з улікам брудных выбарчых тэхналёгіяў. У ёй — дзьве часткі. Першая прысьвечаная агітацыі па тэлефоне, другая — агітацыі падчас абыходу кватэр. Напачатку рыхтуюцца сьпісы выбарцаў з нумарамі тэлефонаў. Насупраць кожнага трэба будзе потым пазначыць, з кім адбылася тэлефонная размова — з прыхільнікам, праціўнікам, з тым, які вагаецца ці тым, хто адмовіўся размаўляць. Такая справаздача патрабуецца ад арганізатараў тэлефоннага апытаньня.

Згодна з інструкцыяй, яны абавязаныя мець добрую дыкцыю, быць дастаткова камунікабэльнымі, ветлівымі і ўраўнаважанымі. Ім даюць дакладна распрацаваны сцэнар самой размовы, ад якога нельга адступаць.

Ачарняць праціўнікаў Лукашэнкі трэба праз агітацыю, якая б мела адваротны эфэкт. Напрыклад, узмацняць, гіпэрбалізаваць слабыя або нявыйгрышныя моманты іхнай плятформы і гэтак далей. Агітатару ў гэтым разе трэба, наадварот, выяўляць нястрыманасьць, штучна ствараць дэфэкты маўленьня або дыкцыі. Напрыклад, заікацца. У інструкцыі адзначана, што вельмі важна, каб агітацыя выглядала праўдападобнай. Дзеля гэтага варта падбіраць людзей зь некаторымі акторскімі здольнасьцямі і трымацца пэўнай кансьпірацыі.

Пасьля абыходу кватэраў агітатары таксама павінны абавязкова зафіксаваць — зь якімі выбарцамі ім давялося сутыкнуцца. Падрабязна расьпісана, як і калі заходзіць у кватэры, як размаўляць. Да прыкладу, агітатарам не рэкамэндуецца ў рабочых раёнах зьяўляцца ў дарагім адзеньні. Кватэрную агітацыю аўтары інструкцыі раяць пачынаць наступнымі словамі: "Мы павінны яго абраць, таму што ён упэўнена кіруе краінай, забясьпечыў — у параўнаньні зь іншымі былымі рэспублікамі — мірнае і спакойнае жыцьцё, можа і надалей дапамагаць людзям".

Асноўныя мэты такой агітацыі — павялічыць колькасьць удзельнікаў галасаваньня; працаваць з тымі, хто вагаецца; прыцягнуць на выбары прыхільнікаў Лукашэнкі, а таксама выявіць ягоных праціўнікаў.


XS
SM
MD
LG