Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАЛАДЫ ФРОНТ ДЫ ІНШЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ РАСПРАЦАВАЛІ ПЛЯН ДЗЕЯНЬНЯЎ НА 10 ВЕРАСЬНЯ


Ягор Маёрчык, Менск

Сваю прэсавую канфэрэнцыю Павал Севярынец разам з мастаком Алесем Пушкіным і рэжысэрам Юр'ем Хашчавацкім правялі сёньня на пляцы Незалежнасьці. Яны паведамілі, што прыйдуць на гэты ж пляц 10 верасьня, каб адсьвяткаваць перамогу Ўладзімера Ганчарыка.

Павал Севярынец перакананы менавіта ў такім выніку прэзыдэнцкіх выбараў:

(Севярынец: ) "Паводле сацыялёгіі, Лукашэнка ня можа перамагчы. Пры такой высокай яўцы, якая прагназуецца зараз, на прэзыдэнцкіх выбарах Лукашэнка абавязкова прайграе".

Аднак Малады Фронт распрацаваў свой плян дзеяньняў на выпадак, калі вынікі галасаваньня будуць сфальшаваныя. Падрабязнасьці трымаюць у сакрэце. Вядома толькі, што праграма ўключае вулічныя акцыі, у якіх возьме ўдзел моладзь з усіх рэгіёнаў Беларусі.

(Севярынец: ) "З рэгіёнаў Беларусі па чатырох кірунках: з боку Маладэчна, з боку Берасьця, з боку Воршы і з боку Гомеля на Менск пойдуць калёны маладых. Да іх могуць далучацца ўсе. Яны пойдуць 10 верасьня на Менск дзеля таго, каб адстаяць перамогу, дзеля таго, каб сьвяткаваць яе. Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы не зьбіраемся чыніць ніякага гвалту, да гвалту рыхтуецца ўлада".

Алесь Пушкін кажа, што прыйдзе на пляц абараняць сувэрэнітэт Беларусі. Ён бачыць у пераабраньні Лукашэнкі пагрозу незалежнасьці.

(Пушкін: ) "Я хачу, каб над намі не было акупантаў. І Лукашэнка — гэта ёсьць акупацыя. Таму я прыйду сюды. Мы ідзем зь верай, мы ідзем з пустымі рукамі, мы ідзем з гарачымі сэрцамі, каб адстаяць сваю незалежнасьць ад расейскай акупацыі".

XS
SM
MD
LG