Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЁННЫЯ ГАЗЭТЫ ПАЛОХАЮЦЬ ШТУРМАВЫМІ НАЦЫЯНАЛІСТЫЧНЫМІ АТРАДАМІ “ІКС”


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Сёньня а 10-й гадзіне раніцы ў выканкам запрасілі лідэраў прафсаюзных арганізацыяў гораду. Старшыня гарвыканкаму Васіль Шуст напярэдадні заўтрашняга візыту ў Пінск Уладзімера Ганчарыка заклікаў прысутных падтрымаць Аляксандра Лукашэнку. Васіль Шуст чарговы раз паабяцаў 100-даляравы заробак ды заявіў, што прэзыдэнтам усё роўна будзе Лукашэнка, а мы, маўляў, потым улічым, як вы сябе паводзілі. Аналягічная сустрэча адбылася ўчора з калектывам гарадзкога шпіталю.

А тымчасам у мясцовых афіцыйных СМІ ледзьве не штодня друкуюцца звароты ў падтрымку Лукашэнкі, падпісаныя дэпутатамі т.зв. “палаты прадстаўнікоў” ды мясцовых саветаў. А пад некаторымі заклікамі стаяць подпісы арганізацыяў, пра якія дагэтуль ніхто ня чуў. Прыкладам, надрукаваны напярэдадні ў Пінскай “Палескай праўдзе” зварот да выбаршчыкаў ад так званага Каардынацыйнага савету палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, акрамя іншых, падпісаны лідэрамі арганізацыяў “Паслы славянства”, “Грамадзяне за нацыянальную бясьпеку”, “Яднаньне” ды шэрагу іншых дагэтуль амаль невядомых арганізацыяў.

Раёнкі працягваюць таксама перадрукоўваць артыкулы, накіраваныя на дыскрэдытацыю недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў. Прыкладам, “Лунінецкія навіны” друкуюць артыкул “Званары з гранатамі за пазухай”, у якім паведамляецца, што “заходнія спэцслужбы і апазыцыя фарміруюць моладзевыя і нацыяналістычныя штурмавыя атрады “ікс”.

Сёньня ў Пінску зьявіліся абвесткі, дзе паведамляецца, што сустрэча з кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімерам Ганчарыкам адбудзецца заўтра ў гарадзкім Доме культуры а 16-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG