Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ “КОЛА НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ” САМКНУЛАСЯ ВАКОЛ ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ АДМІНІСТРАЦЫІ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) “Акцыя толькі што завершылася: яна праходзіла ад 5-й да 6-й гадзіны вечара. Прайшла яна даволі спакойна, хаця й пры вялікай прысутнасьці розных праваахоўных ворганаў у форме і ў цывільным. Каля 500 чалавек, сапраўды, стварылі ланцуг і самкнулі кола вакол будынку адміністрацыі прэзыдэнта. Яны, як заўсёды на гэтых акцыях у рамках кампаніі “Хочам ведаць праўду” трымалі фатаздымкі зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, апэратара ОРТ Зьміцера Завадзкага. Людзі трымалі таксама партрэты памерлых пры падазроных абставінах Генадзя Карпенкі і Анатоля Майсені.

У акцыі бралі ўдзел вядомыя палітыкі Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Людміла Гразнова, Генадзь Быкаў, Валяньцін Голубеў, а таксама Сямён Домаш. Анатоль Лябедзька ў інтэрвію для нашага радыё адзначыў, што ўпершыню, бадай, за апошнія гады людзі здолелі стаць перад будынкам адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта мае вялікае псыхалягічнае значэньне, паколькі Анатоль Лябедзька нагадаў, што яшчэ год таму, калі некалькі дэпутатаў Вярхоўнага Савету спрабавалі дайсьці сюды з партрэтамі зьніклых, іх спынілі літаральна за некалькі кварталаў да адміністрацыі. А вось цяпер сотні людзей спакойна стаялі каля будынку адміністрацыі, выказваючы свае меркаваньні і задаючы пытаньне: “Дзе зьніклыя?” А шостай гадзіне, перад заканчэньнем акцыі, усе ўзяліся за рукі, узьнялі іх угару і некалькі хвілінаў так прастаялі, паказваючы сваю салідарнасьць і еднасьць.

Міліцыя не выяўляла актыўнасьці. На відавоку былі дзясяткі міліцыянтаў, у дварах – сотні, але ўдзельнікі акцыі ніяк не парушалі свой плян: яне не падыходзілі да рэзыдэнцыі, і, адпаведна, міліцыянты і людзі ў цывільным ня ўмешваліся ў акцыю".
XS
SM
MD
LG