Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АМЭРЫКАНСКІ КАНГРЭСМЭН ВІТАЕ ЗЬНЯЦЬЦЕ КАНДЫДАТУРЫ ДОМАША Й НАЗЫВАЕ ГАЙДУКЕВІЧА МАРГІНАЛЬНЫМ КАНДЫДАТАМ


Юры Сьвірко, Менск

У часе свайго знаходжаньня ў Беларусі кангрэсмэн Дойч сустрэўся з амбасадарам Гансам-Георгам Вікам, кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Ўладзімерам Ганчарыкам, міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым, першым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Ўладзімерам Замяталіным, а таксама з жонкамі зьніклых палітыкаў.

Таму я спытаўся ў спадара Дойча: як ён можа пракамэнтаваць сёньняшнія публікацыі ў незалежных беларускіх газэтах з новымі сьведчаньнямі пра дзяржаўны "эскадрон сьмерці"? І як увогуле ён ставіцца да праблемы зьніклых у Беларусі?

(Дойч: ) "Амэрыканская пазыцыя палягае ў наступным: насамрэч, на жаль, атрымліваецца, што яны былі забітыя. І ўрадавыя чыноўнікі былі ў гэтым замешаныя".

Я папрасіў кангрэсмэна Дойча пракамэнтаваць і сёньняшняе зьняцьце кандыдатуры Сямёнам Домашам.

(Дойч: ) "Я думаю, вельмі важна тое, што апазыцыя аб'ядналася вакол адзінага кандыдата. Я думаю, што гэта сур'ёзнае дасягненьне, якое людзі лічылі немажлівым некалькі тыдняў таму. І я мяркую, што зразумела: калі гэта будуць празрыстыя выбары, дык яны будуць выбарамі-спаборніцтвам, і можа перамагчы або спадар Ганчарык, або спадар Лукашэнка".

Я заўважыў, што Пітэр Дойч не згадаў прозьвішча спадара Гайдукевіча як мажлівага перможцы, і спытаўся, ці ня лічыць амэрыканскі кангрэсмэн лідэра беларускіх лібэрал-дэмакратаў несур'ёзным кандыдатам.

(Дойч: ) "Я так ня думаю. Ня думаю, што хаця б хто-небудзь, хто ведае працэс у краіне, бярэ гэта ў разьлік. Мы таксама маем у Амэрыцы маргінальных кандыдатаў", — адказаў спадар Дойч.

Амэрыканскі кангрэсмэн сёньня абнародаваў сваю заяву для прэсы, дзе зазначыў, што "правядзеньне свабодных, справядлівых і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў ёсьць вельмі важным для Кангрэсу ЗША".

Пітэр Дойч дадаў, што празрыстасьць у любым выбарчым працэсе ёсьць крытычным чыньнікам для таго, каб вынікі выбараў былі прынятыя ўсімі, і сказаў: "Кангрэс ЗША будзе вітаць мажлівасьць працаваць зь любым, хто будзе абраны на свабодных, справядлівых і празрыстых выбарах у Беларусі — будзе гэта спадар Лукашэнка або спадар Ганчарык".

Пітэр Дойч абвесьціў, што ён сам і яшчэ некалькі сяброў Кангрэсу ЗША будуць назіраць за беларускімі выбарамі. "Я заахвочваю беларускія ўлады зрабіць усе неабходныя крокі, каб дасягнуць прызнаньня выбараў свабоднымі, справядлівымі ды празрыстымі", — заявіў спадар Дойч.

(Дойч: ) "Аднак, калі выбары ня будуць свабоднымі й справядлівымі, я баюся, што стасункі паміж ЗША й Беларусьсю могуць толькі пагоршыцца. Я шчыра спадзяюся, што гэтага ня будзе", — сказаў амэрыканскі кангрэсмэн Пітэр Дойч, які сёньня пакінуў Беларусь, але будзе назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах 9 верасьня.
XS
SM
MD
LG