Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АДМОВІЎСЯ АД ПЕРАДВЫБАРЧАГА ВЫСТУПУ ПА БЕЛАРУСКІМ ТЭЛЕБАЧАНЬНІ


Валер Каліноўскі, Менск

Цэнтарвыбаркам адразу пасьля атрыманьня заявы Сямёна Домаша пра тое, што ён здымае сваю кандыдатуру, накіраваў у друкарню ўзоры бюлетэняў і перадвыбарчых плякатаў ужо толькі з трыма прозьвішчамі. Рашэньне пра ануляваньне рэгістрацыі спадара Домаша прымуць праз апытаньне сяброў Цэнтральнай камісіі, зазначыла Лідзія Ярмошына.

(Ярмошына: ) "Вось ужо ў Домаша зусім новая функцыя — функцыя даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Ганчарыка Ўладзімера Іванавіча".

Паводле ейных словаў, штодзень у ЦВК ад штабу адзінага кандыдата ад апазыцыі паступае па некалькі скаргаў на дзеяньні дзяржаўных беларускіх СМІ, якія парушаюць выбарчы закон на карысьць Аляксандра Лукашэнкі. Валянціна Палевікова, якая падпісвае гэтыя скаргі, патрабуе зьняць кандыдатуру А.Лукашэнкі за шматлікія парушэньні.

Гэтыя скаргі будзе разглядаць Назіральная рада па інфармацыйных спрэчках пры ЦВК. Але ўжо цяпер Лідзія Ярмошына сьцьвярджае, што ніякіх парушэньняў няма, што ва ўсіх кандыдатаў абсалютна роўныя ўмовы — і на БТ, і ў масавых дзяржаўных газэтах. Адзінае, што яна паабяцала, дык гэта тое, што праграма Ўладзімера Ганчарыка будзе апублікаваная газэтамі ў такім жа памеры, як і праграма Лукашэнкі.

Трэці кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч прэтэнзіяў ня мае.

Аляксандар Лукашэнка сёньня адмовіўся ад першага праграмнага выступу па БТ. Гаворыць Лідзія Ярмошына:

(Ярмошына: ) "Кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч сваю перадвыбарчую праграму па БТ не запіcваў, такім чынам, правам на атрыманьне гэтага эфіру, якое даў яму ЦВК, прынамсі, у частцы першага свайго выступу па БТ, названы кандыдат не скарыстаўся".

Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка не зьвяртаўся ў ЦВК з просьбай аплаціць выраб плякатаў і ўлётак. Лідзія Ярмошына лічыць, што няма парушэньня закона ў тым, што праграма Аляксандра Лукашэнкі падпісаная ў газэтах як "праграма прэзыдэнта", а не як кандыдата, і ўвогуле яна не заўважае ніякіх парушэньняў за А.Лукашэнкам.

Абвергла спадарыня Ярмошына і магчымасьць фальсыфікацыяў падчас датэрміновага галасаваньня, але яна мяркуе, што гэтае галасаваньне можа быць даволі масавым, бо многія захочуа 9 верасьня паехаць за горад.

Лукашэнка мае шмат магчымасьцяў для агітацыі, таму ён і ігнаруе прадстаўлены ЦВК праграмны выступ па БТ, — лічаць у перадвыбарчым штабе адзінага кандыдата ад апазыцыі. Гаворыць намесьнік кіраўніка штабу Ўладзімера Ганчарыка Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Для мяне гэта даволі нечакана. Я думаю, што гэта зьвязана з тым, што ён ня хоча быць у адным шэрагу з астатнімі кандыдатамі. А тое, што ён ня ўзяў ніводнай капейкі на выраб плякатаў, сьведчыць, што ён і цяпер дзейнічае, як і заўсёды: бярэ грошы ня там дзе трэба, а там, дзе ўдаецца. Агітацыі за Лукашэнку зараз у сто разоў больш, чым за астатніх кандыдатаў. Яму гэтага дастаткова".

Аляксандар Дабравольскі лічыць, што Аляксандар Лукашэнка ня мае звычкі гаварыць зь людзьмі на роўных, быць адным з роўных кандыдатаў:

(Дабравольскі: ) "У гэтым выступе ён павінен быў гаварыць ня тое, што ён звычайна гаворыць, а пра тое, што зрабіў і што зьбіраецца рабіць. Я думаю, што на гэтае пытаньне яму цяжка нешта сказаць гэтак, каб людзі зразумелі, што ён рабіў сем гадоў і ці будзе ён у выпадку абраньня штосьці мяняць. На гэта ў яго адказу няма".

Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Барысевіч пацьвердзіў Свабодзе, што Аляксандар Лукашэнка выказваў гатоўнасьць адмовіцца ад свайго выступу па Беларускім тэлебачаньні, але канкрэтнай прычыны не назваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG