Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60% ВЫБАРШЧЫКАЎ У БЕЛАРУСІ – ЖАНЧЫНЫ


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Газета друкуе камэнтар галоўнага рэдактара Віктара Івашкевіча наконт аб’яднаньня апазыцыі. Дзеля падтрымкі адзінага кандыдата, кажа Івашкевіч, згуртаваліся самыя розныя сілы, і гэта сымбалічна. Кангрэс дэмакратычных сілаў павінен мабілізаваць на барацьбу з рэжымам моладзь, рабочых, інтэлігенцыю. Партыя Калякіна – хаця б частку пэнсіянэраў-камуністаў. Гэта народ загартаваны, дысцыплінаваны і ў якасьці назіральнікаў за выбарамі будзе вельмі карысным. Лявонаўскі рух “За новую Беларусь” павінен працаваць з намэнклятурай, каб пераканаць яе не процістаяць свабоднаму волевыяўленню, не станавіцца перагародкай паміж дыктатарам і народам. Камусьці саюз дэмакратаў і намэнклятуры ўяўляецца дзіўным. Але ж, мяркуе Івашкевіч, калі зноў вырвемся ў нейкія законныя рамкі існаваньня – тады даспрачаемся, высьветлім, хто з нас лепшы. А зараз – мы ў саюзе супраць рэжыму. Мы ўсе працуем дзеля перамогі. І гэта насамрэч ёсьць аб’яднаньне Беларусі. Штаб адзінага кандыдата – гэта сёньня штаб усіх людзей, якія хочуць жыць лепей.

Цэнтральны разварот газэта “Рабочы” аддае жанчынам, і гэта не выпадкова: 60 % выбаршчыкаў Беларусі – жанчыны. Інакш гаворачы, лёс краіны – у іх руках. Адна з самых актыўных грамадзкіх арганізацыяў Беларусі – арганізацыя працоўных жанчын – яшчэ ў сьнежні мінулага году паставіла за мэту падрыхтаваць на прэзыдэнцкія выбары 3 тысячы назіральнікаў. І вось старшыня арганізацыі Марыя Аліева падводзіць папярэдні вынік: наглядальнікі падрыхтаваныя. 140 пярвічак Беларускай арганізацыі працоўных жанчын у 35 населеных пунктах краіны да выбараў гатовыя.

Рэдакцыя газэты “Рабочы” пачала апытаньне сябраў каманды Уладзімера Ганчарыка, як яны бачаць пэрспэктыву пасьля выбараў, пасьля перамогі дэмакратыі. У гэтым нумары сваімі меркаваньнямі дзеляцца экс-міністар абароны Павал Казлоўскі і лідэр прафсаюзу аграрна-прамысловага комплексу Яляксандар Ярашук.

Другі тыдзень у Оршы не выходзіць газэта “Куцейна”, бо спэцслужбы канфіскавалі кампутары. Па сутнасьці, гэта разгром апазыцыйнай газэты. Супрацоўнікі аршанскай газэты зьвязваюць акцыю спэцслужбаў з прэзыдэнцкімі выбарамі – так улады спрабуюць зьнішчыць незалежныя крыніцы інфармацыі. Рэдактар “Куцейны” Віктар Андрэеў зьвярнуўся ў мясцовую пракуратуру, міліцыю, КДБ, ён патрабуе назваць прозьвішчы “канфіскатараў” і вярнуць незаконна канфіскаваную маёмасьць.
XS
SM
MD
LG