Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РЭДАКЦЫІ “НАРОДНАЙ ВОЛІ” КАНФІСКАВАНЫЯ КАМПУТАРЫ


Ганна Соусь, Менск

З рэдакцыі забралі 30 адзінак аргтэхнікі — 12 сыстэмных блёкаў, 11 манітораў, 5 прынтэраў, факс і гукавыя калёнкі. Яшчэ пазаўчора ў офіс газэты прыйшлі 12 чалавек з Заводзкага міжраённага аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў разам з інспэктарамі падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну. Яны распачалі праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасьці "Народнай волі".

Сёньня я наведала рэдакцыю газэты. Нягледзячы на тое, што ў "Народнай волі" засталося толькі 6 кампутараў, работы над нумарам не спынілі. Гаворыць першы намесьнік галоўнага рэдактара Анатоль Казловіч:

(Казловіч: ) "Сёньня ў нас працягваюцца два працэсы. Першы — вытворчы. Мы выпускаем газэту. Нумар будзе адпраўлены ў друкарню своечасова. І я лічу, што так будзе заўтра й пасьлязаўтра. Другі працэс, дарэчы, адбываецца ў маім кабінэце. Цяпер там знаходзіцца група правяраючых з Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў. Яны глядзяць дакумэнты на нашу кампутарную тэхніку, як гаворыцца на іхным афіцыйным слэнгу — вывучаюць паходжаньне нашых кампутараў".

Анатоль Казловіч наступным чынам тлумачыць прычыны таго, што адбылося:

(Казловіч: ) "Частка нашых кампутараў на балянсе рэдакцыі, і тут усё нармальна — яны засталіся з намі, мы на іх робім газэту. А другая частка кампутараў належыць прыватным асобам. Зараз вывучаюць дакумэнты, як апынуліся гэтыя кампутары ў гэтых прыватных асобаў".

Анатоль Казловіч спадзяецца, што неўзабаве пасьля праверкі кампутары вернуцца ў рэдакцыю. Але ён зьбіраецца прынесьці на працу свой уласны кампутар. Гэтак жа зробяць і некаторыя журналісты, якія цяпер пазбаўленыя магчымасьці набіраць свае матэрыялы.

Галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч мяркуе, што пакуль што супрацоўнікі Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў дзейнічаюць згодна з заканадаўствам. А вось адзін з актыўных аўтараў "Народнай волі" філёзаф Вячаслаў Оргіш упэўнены, што гэта — выключна палітычная справа.

(Оргіш: ) "Сэнс усяго гэтага мерапрыемства палягае ў тым, каб паралізаваць работу рэдакцыі падчас вельмі адказнай палітычнай кампаніі — выбараў прэзыдэнта".

Я зьвярнулася па тлумачэньні да выканаўцы абавязкаў кіраўніка Заводзкага міжрайаддзелу фінансавых расьсьледаваньняў Аляксандра Дземідчука.

(Дземідчук: ) "Ні фізычныя асобы, ні само прадпрыемства не далі дакумэнтаў пра паходжаньне кампутараў. Права ўласнасьці на іх пакуль ніхто не заявіў. Калі на працягу 6 месяцаў ня знойдзецца ўладальнік тэхнікі, паводле рашэньня суду яна пяройдзе ва ўласнасьць дзяржавы — як маёмасьць, якая нікому не належыць. Але я мяркую, што да гэтага ня дойдзе".

Праверка ў "Народнай волі" працягнецца да 19 верасьня. Дарэчы, фінансавая міліцыя працуе цяпер і ў "Белорусской деловой газете", і ў "Нашай свабодзе".
XS
SM
MD
LG