Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІРАТВОРЧЫ КАНТЫНГЕНТ НАТА БУДЗЕ НАКІРАВАНЫ Ў МАКЕДОНІЮ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Поўнае разьмяшчэньне сілаў НАТА ў краіне возьме ад 10 да 14 дзён, пасьля чаго пачнецца адлік часу ў 30 дзён, дадзены на дабраахвотную здачу зброі. Паводле газэты New York Times, гэтым разам краіны Альянсу імкнуцца пазьбягаць дарагой місіі ў справе падтрыманьня міру, як гэта было ў Косаве альбо Босьніі. Яны цьвердзяць, што 30 дзён гэта жорсткі тэрмін, і няма ніякіх плянаў ягонага павелічэньня. Аднак, ваенныя аналітыкі ставяць пытаньне: ці можна будзе пасьля выхаду сілаў НАТА з пэўнасьцю сказаць, што раззбраеньне закончылася цалкам і барацьба, якая пачалася ў лютым, ня будзе працягвацца.

Паводле паўстанцаў, у іхным арсэнале налічваецца прыблізна 2.500 адзінак зброі. Іншыя крыніцы павялічваюць гэтую колькасьць да 6 тысячаў, а макэдонскія ўлады ацэньваюць узбраеньні паўстанцаў у 85 тысячаў адзінак.

Альбанскія паўстанцы пагадзіліся на паступовае раззбраеньне, паралельна зь якім урад Македоніі будзе праводзіць рэформы, якія пашыраць іхныя правы. Паводле мірнай дамовы, парлямэнт краіны мае 45 дзён, каб выправіць прэамбулу да канстытуцыі, каб зь яе не вынікала, што македонскія славяне знаходзяцца ў прывілеяваным становішчы. Законныя зьмены павінны надаць альбанскай мове статус афіцыйнай у раёнах дзе больш як 20% насельніцтва складаюць альбанцы. Нацыянальная паліцыя мусіць ўзяць на працу адну тысячу альбанскіх афіцэраў, а ўнівэрсытэт з альбанскай мовай навучаньня павінен атрымаць дзяржаўную падтрымку.

Тым часам першыя аддзелы НАТА ўжо сустрэліся з паўстанцамі, якія прынялі іх гасьцінна, аднак – піша New York Times – міратворцы паставіліся да гэтай гасьціннасьці з насьцярогай, паколькі разам зь імі на месца сустрэчы не былі дапушчанымі македонскія экспэрты і журналісты.
XS
SM
MD
LG