Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ КАНФІСКАВАЛІ АРГТЭХНІКУ БЕЛАРУСКАГА КЛЮБУ ВЫБАРШЧЫКАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Першую спробу канфіскацыі тэхнікі Клюбу выбаршчыкаў супрацоўнікі Фрунзенскага міжраённага аддзелу камітэту фінансавых расьсьледаваньняў правялі ў пятніцу. Але тады ім давялі, што яны на гэта ня маюць законных падставаў. Учора супрацоўнікі фінансавай міліцыі запатрабавалі копіі дакумэнтаў на абсталяваньне і на аплату памяшканьня клюбу, а сёньня каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў у форме і ў цывільным прыбылі з мэтай канфіскацыі абсталяваньня. Кіраўнік клюбу выбаршчыкаў Уладзімер Гудзееў зачыніў памяшканьне і нікога не пусьціў. Спачатку кіраўнік фінансавай міліцыі Фрунзенскага раёну Пётар Ліннік хаваў свае намеры:

(Ліннік: ) “Мы ня хочам ні ваш офіс тут блякаваць і нічога іншага. Мы хочам, па-першае, узяць з вас кароткае тлумачэньне, як гэтая тэхніка да вас паступала і што гэта за тэхніка ўвогуле. І ўсё. Мы паглядзім, што гэта за тэхніка і вызначымся ўжо там у офісе”. – Сказаў кіраўнік фінансавай міліцыі Фрунзенскага раёну Пётар Ліньнік.

Ніякіх пастановаў на ператрус супрацоўнікі міліцыі не прад'яўлялі. Пасьля пэўных спрэчак, нягледзячы на пратэсты кіраўніцтва Клюбу, дыпляматаў з КНГ АБСЭ, супрацоўнікі ў цывільным выпхнулі журналістаў на вуліцу, блякавалі ўваходныя дзьверы ў будынак і распачалі ператрус. У будынак не дапусьцілі адваката і ўсіх, хто працаваў тут у іншых офісах. Да кіраўніка Беларускага клюбу выбаршчыкаў прымянілі сілу. Гаворыць Уладзімір Гудзееў:

(Гудзееў: ) “Мяне тут блякавалі цалкам, сілком абшукалі, патрабавалі адчыніць офіс, я гэта адмовіўся зрабіць, бо не было падставаў. Потым сілаю хацелі мяне весьці ў офіс, каб я там прысутнічаў. Я адмовіўся, мне ледзьве кепска ня стала. Таму ля мяне пакінулі тут дваіх, каб блякаваць мяне, астатнія офіс адчынілі і рабілі ўжо ўсё, што хацелі, канфіскоўвалі без маёй прысутнасці”.

Уладзімер Гудзеў паведаміў, што міліцыя нібыта хацела высьветліць, якім чынам клюб разьлічваўся за арэнду свайго офісу, але для гэтага чамусьці спатрэбілася забраць кампутары, факсы і нават ксэракс. Ніякіх пратаколаў аб канфіскацыі Ўладзімеру Гудзееву таксама прад'яўлена не было:

(Гудзееў: ) “Гэта поўнае бязьмежжа, таму што не было ордэру на вобыск мяне, не было ордэру на ператрус памяшканьня, і агляд мяне праводзіўся сілай”.

Уладзімер Гудзееў паведаміў, што канфіскаваны ня толькі ягоны ўласны кампутар і абсталяваньне клюбу выбаршчыкаў, але і тая маёмасьць – кампутар і факсы, – якія клюб арандаваў у КНГ АБСЭ. Разам з кампутарамі зьнікла інфармацыйная база на 3000 назіральнікаў, якія павінны працаваць на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Уладзімер Гудзееў мае намер абскардзіць гэтыя дзеяньні міліцыі ў судзе.

Менавіта будучыя прэзыдэнцкія выбары сталі прычынай гэтых незаконных дзеяньняў міліцыі, – лічыць адзін з арганізатараў незалежнага назіраньня Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Я гэта расцэньваю як беларускае бязьмежжа, прыкладаў чаму няма ні ў якой іншай краіне. І гэта зразумела, таму што незалежных назіральнікаў улада вельмі баіцца, запалоханая. Паводле неафіцыйных зьвестак, якія я сёньня атрымаў, улады далі ўказаньні на месцы, каб да 40 адсоткаў давесьці колькасьць тых, хто прагаласуе датэрмінова, а потым паглядзець на тыя вынікі і замяніць бюлетэні ў іх ці наогул гэтыя скрыні замяніць”.

Мечыслаў Грыб прызнаў, што пэўныя цяжкасьці для назіральнікаў ўлады створаць гэтымі канфіскацыямі, але спыніць незалежнае назіраньне ўжо ня ўдасца.


XS
SM
MD
LG