Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРА ШТО РАСКАЗВАЕ НА ВІДЭАКАСЭЦЕ АНАНІМНЫ ВАЙСКОВЕЦ МУС?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Відэастужка з запісам былога спэцназаўца, які нібыта быў сьведкам зьнішчэньня Ганчара і Красоўскага, трапіла ўчора ў інфармацыйнае агенцтва БелаПАН. Сёньня гэтая стужка знайшлася таксама ў некаторых іншых недзяржаўных мэдыях.

Мне гэтую касэту перадаў рэдактар "Нашай свабоды" Павал Жук. Ён кажа, што касэту ў рэдакцыю прынесла невядомая жанчына. Прагледзець і праслухаць запіс мы спрабавалі на рэдакцыйным відэамагнітафоне, але мала што атрымалася. Чорны чалавечы сылюэт казаў гэткім скажоным голасам, што можна было разабраць толькі асобныя словы.

(Голас: ) "Я, былы службовец часткі спэцназу ўнутраных войскаў, хачу распавесьці наступнае. Я праходзіў службу ў частцы 3214 — гэта ўнутраныя войскі Рэспублікі Беларусь", — казаў незнаёмец.

Адразу папярэджу, што зразумець ягоны расповед удалося толькі пасьля таго, як са стужкай папрацавалі ў гукавой студыі. Большая частка пасланьня тычылася гісторыі зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага.

Незнаёмец не сьцьвярджае, што бачыў, як іх захоплівалі ці зьнішчалі. Пра тое, што гэта былі Ганчар і Красоўскі, ён быццам бы зразумеў пазьней, калі пра іх сталі паведамляць СМІ. Але ён нібыта дакладна ведае, што зь ліку стараслужачых першай роты ягонай часткі была сфармаваная група, загады якой аддаваў асабіста Паўлічэнка. Гэтая група нібыта несла службу асобна, ніхто дакладна ня ведаў, чым яны займаюцца, але ўсе разумелі ейную адмысловую ролю. Група карысталася аўтамабілямі "БМВ" і "Аўды", а калі-нікалі "Волгамі".

(Голас: ) "Тады, у 1999 годзе, недзе ў сярэдзіне верасьня, пад вечар група некуды зьехала. Як потым яны распавялі, яны ў Менску захапілі двух чалавек, якія стаялі побач з "Джыпам Чэрокі". Яны іх схапілі, а калі пад'ехалі аўтамабілі, укінулі іх туды па адным і прывезьлі ў частку. А за руль захопленага "Джыпа" пасадзілі стараслужачага з аўтароты па прозьвішчы Мікіянец.

Ночы стаялі халодныя, і я пачуў, калі аўтамабілі наблізіліся да часткі. Але яны не заехалі адразу. Было чуваць два стрэлы зь невялікім прамежкам, і толькі потым аўтамабілі вярнуліся", — распавядае невядомы сьведка.

Далей ён згадвае, як яму ды іншым салдатам загадалі капаць у лесе яму, якую яны капалі 5 гадзінаў — пасьля туды загналі "Джып", расплюшчылі яго бронетранспарцёрам і засыпалі зямлёй. Апэрацыяй нібыта кіраваў Паўлічэнка. Ён забараніў салдатам зьняць з "Джыпу" магнітолу, але дазволіў забраць акумулятар. Гэты акумулятар потым выкарыстоўвалі як запасны ў аўтароце. Таксама прагучала, што выканаўцаў прымусілі пазбавіцца залатых рэчаў, якія адабралі ў Ганчара з Красоўскім.

Завяршаецца расповед пералічэньнем прозьвішчаў тых людзей, што нібыта былі задзейнічаныя ў апэрацыі захопу апазыцыянэраў і зьнішчэньні іхнага аўтамабіля. Прагучалі прозьвішчы старшыны Мурашкі, Гудзька, Наваторскага, Мікіянца, лейтэнанта Кокліна, Паўлічэнкі. Сьведка кажа, што баіцца за сваё жыцьцё і жыцьці сваякоў, але ня можа дазволіць, каб праўда пра гэтую гісторыю была пахаваная.

У КГБ Беларусі, куды гэтую стужку занесьлі ўчора журналісты БелаПАН, ужо сёньня дакладна вырашылі, што зь ёй рабіць. Там не сумняюцца, што яе трэба выкінуць на сьметнік, бо ніякай новай пэрспэктывы для расьсьледаваньня справы Ганчара і Красоўскага яна не ўяўляе. Загадчык цэнтру па сувязях з грамадзкасьцю КГБ Фёдар Котаў патлумачыў Радыё Свабода:

(Котаў: ) "Гэтая касэта для КГБ не ўяўляе ніякага інтарэсу".

(Карэспандэнт: ) "Там названыя пэўныя прозьвішчы — вы цікавіліся, ці сапраўдныя гэта людзі?"

(Котаў: ) "Мы пакідаем гэта без камэнтароў", — заявіў прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў.

Вельмі стрымана паставіліся да ананімнай відэастужкі ў бюро расейскіх тэлеканалаў. У офісах прадстаўніцтваў НТВ і РТР мне заявілі, што не плянуюць выкарыстоўваць гэтую стужку ў сваіх рэпартажах з прычыны ейнай дрэннай якасьці і ананімнасьці. Карэспандэнт РТР Міхаіл Кацал не выключае таксама, што гэта фальшыўка. Такую стужку ён і сам мог бы лёгка запісаць, кажа журналіст.

(Кацал: ) "Людзі, якія скажалі голас, вельмі перастараліся. Да таго ж ён сядзіць у чорным пакоі, з чорным тварам, не называе сябе. Збольшага такую касэту магу напісаць і я — не выходзячы з офісу".

Міхаіл Кацал згадаў, што касэту з заявамі сьледчых Петрушкевіча й Случака прынесьлі ў карпункт РТР падобным жа чынам, і гэтая касэта таксама працуе на карысьць апазыцыйнага кандыдата. Таму карэспандэнт не выключае, што яе зрабілі ў штабе Ўладзімера Ганчарыка.

Між тым, у штабе адзінага апазыцыйнага кандыдата рашуча адкінулі гэтыя падазрэньні. Прэсавы сакратар Ганчарыка Зьміцер Верашчагін сьцьвярджае, што яшчэ апоўдні ў штабе ніхто гэтай касэты ня бачыў.

(Верашчагін: ) "Ніхто ў штабе пакуль нават ня бачыў гэтай стужкі, і таму мы ня можам камэнтаваць з пункту гледжаньня сапраўднасьці тое, што ў ёй паказана і расказана. Адзінае, што дакладна, дык гэта тое, што мы ніякага дачыненьня да яе ня маем", — заявіў прэсавы сакратар Уладзімера Ганчарыка Зьміцер Верашчагін.

Між тым, расповед ананімнага спэцназаўца плянуюць надрукаваць у некаторых недзяржаўных газэтах. У прыватнасьці, у "Нашай свабодзе", якая, нягледзячы на атрыманае ўчора папярэджаньне Дзяржкамдруку, працягвае выходзіць.

Яшчэ канчаткова ня вызначыліся з тым, ці выкарыстоўваць гэтую касэту і на расейскім канале ОРТ. Вядома, што маскоўскі офіс ОРТ запатрабаваў ад беларускага бюро тэкст расповедаў ананімнага сьведкі, але загаду рабіць сюжэт на гэтую тэму пакуль не было.

XS
SM
MD
LG