Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЦЮД “НАД ВІЦЕБСКАМ” МАРКА ШАГАЛА СТАЎ ЗАКЛАДНІКАМ ВАЙНЫ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ


Аляксандар Лукашук, Прага

(Тарас: ) “Паводле міжнароднай арганізацыі “Рэгістр страчанага мастацтва” у сьвеце скрадзеныя і знаходзяцца ў вышуку каля 100 тысячаў прадметаў мастацтва. Чаму крадзёж карціны Шагала – да таго ж з такім спазьненьнем – стаўся міжнароднай навіной?”

(Лукашук: ) “Па-перашае, гэта клясычны Шагал: местачковы габрэй ляціць над дахамі дамоў, праваслаўнай царквы ў зімовым Віцебску. Гэта невялікая праца 1914 году, алей, памерам 20 на 26 см…”

(Тарас: ) “Яе можна было вынесьці, напрыклад, за пазухай…”

(Лукашук: ) “Так-так... Цана эцюду – 1 млн. даляраў. Заходні друк рэагуе на іншае – музэй атрымаў ліст, у якім невядомы аўтар абяцае вярнуць карціну, калі будзе дасягнуты мір паміж Ізраілем і палестынцамі. Карціна, фактычна, узятая ў палітычныя закладнікі. Палітыкі, як сьведчыць гісторыя, нярэдка ставяцца да мастацтва са сваіх інтарэсаў: Гітлер у нацысцкай Нямеччыне ў сярэдзіне стагодзьдзя ці камуністычнае кіраўніцтва СССР у другой палове, афганскія Талібы зараз разбурылі гістарычныя статуі Буды. У Беларусі цяперашняя ўлада падобным чынам ставіцца да выставаў суполкі “Пагоня”, да творчасьці Алеся Пушкіна”.

(Тарас: ) “Але крадзяжы твораў мастацтва зычайна маюць на мэце эканамічную выгаду. Ці вядомыя выпадкі палітычных крадзяжоў?”

(Лукашук: ) “Экспэрты “Рэгістру страчанага мастацтва” сьцьвярджаюць, што ні перад 2-й, ні перад 1-й усясьветнымі войнамі такіх выпадкаў не было. Адзіны прыклад – крадзёж карціны Мунка “Крык” у 1994-м годзе ў Нарвэгіі, у дзень адкрыцьця зімовых алімпійскіх гульняў, калі праціўнікі абортаў пазванілі на тэлебачаньне і паабяцалі, што карціна будзе вернутая, калі пакажуць антыабортавы фільм “Немы Крык”. Фільм, дарэчы, не паказалі. Аднак калі пазьней, праз поўгады, карціну знайшлі, высьветлілася, што сапраўдныя рабаўнікі ня мелі нічога агульнага з актывістамі руху за забарону абортаў. Такім чынам, выкраданьне палёту “Над Віцебскам” – сапраўды ўнікальнае”.

(Тарас: ) “Але хіба ня можа паўтарыцца тое самае і з карцінай Шагала, то бок сапраўдныя выкрадальнікі і аўтары ліста не знаёмыя паміж сабой?”

(Лукашук: ) “Аўтар ліста, адпраўленага зь Нью-Ёрку, прыводзіць такія дэталі стану карціны і некаторых асаблівасьцяў палатна, што ў ФБР і музэйных спэцыялістаў няма сумненьня, што ён, прынамсі, трымаў карціну ў руках пасьля выкраданьня. Супрацоўнікаў музэя, як і ўсіх аматараў мастацтва Марка Шагала, някажучы пра віцеблянаў, павінна бянтэжыць іншае. Зь ліста няясна, на чыім баку выкрадальнік, ізраільскім ці палестынскім. Ён, дарэчы, нават выбачаецца перад музэем. Але ўмова вяртаньня карціны – мір паміж Ізраілем і палестынцамі – аніяк не залежыць ні ад супрацоўнікаў музэя, ні ад аматарў Шагала, ні ад амэрыканскай паліцыі. Нават калі мір на Блізкім усходзе будзе дасягнуты, гэта адбудзецца зусім не дзякуючы Марку Шагалу.

Карціна Марка Шагала “Над Віцебскам” была адной з 56-ці працаў мастака, якія Габрэйскі музэй Нью-Ёрку атрымаў у часовае карыстаньне з прыватных і дзяржаўных калекцыў Расеі. У дзяржаўных музэях Расеі захоўваюцца дзесяткі карцінаў Шагала, сярод іх і тыя, што патрапілі туды зь Беларусі падчас эвакуацыі ў 2-ю ўсясьветнаю вайну і ўжо ніколі не былі вернутыя ў беларускія музэі”.


XS
SM
MD
LG