Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАРТЫЗАНЫ Ў СЭРВЭРНЫХ ЛЯСОХ БЕЛАРУСІ” ДЫ ІНШЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ Ў СЕЦІВЕ, ПРЫСЬВЕЧАНЫЯ ПРЭЗЫДЭНЦКІМ ВЫБАРАМ


Віталь Тарас, Прага

У інтэрнэт-выданьні “Русскій журнал” (на сайце www. russ. ru) днямі зьявіўся артыкул пад назвай “Партызаны ў сэрвэрных лясах Беларусі”. У якасьці эпіграфу абраны фрагмэнт адозвы сецевага партызанскага атраду імя таварыша Прытыцкага: “Беларускія партызаны ўвайшлі ў сеціва, каб працягнуць вайну супраць усяго антынароднага. Вольныя і энэргічныя людзі, яны выкарыстоўваюць флэйм як ваеннае мастацтва”. “Флэйм” на інтэрнэт-жаргоне азначае гарачую палеміку ў агрэсіўным стылі. Падрабязна пра “атрад імя Прытыцкага” можна прачытаць на сайце Praniki. Cjb. net (ня блытаць з Дранікамі!)

Аўтар згаданай публікацыі, нягледзячы на жартаўлівую назву, піша пра беларускія сецевыя рэсурсы дастаткова сур’ёзна. У артыкуле ўсе беларускія інтэрнэт-рэсурсы ў сеціве дзеляцца на дзьве катэгорыі: тыя, што былі раней і створаныя ў сувязі з выбарамі. У першую катэгорыю аўтар залічвае інафрмацыйна-аналітычныя выданьні – такія, як радыё “Свабода”, Хартыя-97, БДГ-анлайн, а таксама аматарскія праекты кшталту Язэп, Дранікі, Angelfire і г.д.

Я зьвярнуўся па тэлефоне па камэнтар да загадчыка аддзелу палітыкі і інфармацыі газэты “Белорусскій рынок” Паўлюка Быкоўскага.

(Тарас:) “Публікацыя ў “Русском журнале” – ці можна лічыць яе выпадковай? Ці ёсьць нейкая тэндэнцыя падвышэньня цікавасьці да перадвыбарчых падзеяў у Беларусі, у тым ліку і інтэрнэт-аўдыторыі?”

(Быкоўскі: ) “Я мушу адзначыць, што гэтая ня першая публікацыя ў Русском журнале ўвогуле, што тычыцца палітычных падзеяў у Беларусі. Ёсьць дастакова шмат такіх публікацыяў. Але гэта адна зь першых публікацыяў, якую рабіў беларускі аўтар. Саша Новая – гэта псэўданім беларускага аўтара, і я вельмі зьдзівіўся, калі яна да мяне зьвярнулася, бо раней з падобнымі пытаньнямі зьвярталіся расейскія аўтары”.

Аўтар артыкулу “Партызаны ў сэрвэрных лясах Беларусі” у другую катэгорыю актуальных інфармацыйных рэсурсаў адносіць сайты кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама інфармацыйныя агенцтвы, створаныя адмыслова “пад выбары”.

Аднак, менавіта старонкі кандыдатаў у прэзыдэнты ў артыкуле чамусьці абыйдзеныя ўвагай.

У перадачах “Беларускі дыялёг на інтэрнэце” мы досыць падрабязна распавядалі ўжо пра старонкі “Домаш. Бай”, “Ганчарык. орг”. ды іншыя. Таму абмяжуемся толькі кароткай інфармацыяй пра іх абнаўленьні. Зрэшты, слова абнаўленьне цалкам можна аднесьці толькі да сайту адзінага кандыдата ад шырокай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка. Тут зьявіўся новы разьдзел “Сакрэтныя матэрыялы”! дзе зьмешчаныя матэрыялы, абнародваныя кандадытам раней, што маюць дачыненьне да так званага “эскадрону сьмерці”.

На сайце Vybary. net, акрамя апошніх навінаў, на гэтым тыдні можна было ўзяць удзел у анляйнавай канфэрэнцыі кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча, які пэрсанальнай старонкі ў інтэрнэце пакуль ня мае. На сайце Vybary. Org можна чытаць апэратыўныя паведамленьні грамадзянскай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне”.

А наколькі карысныя пэрсанальныя сайты кандыдатаў на прэзыдэнта для журналістаў ці аналітыкаў?

Вось як адказвае на гэтае пытаньне журналіст Паўлюк Быкоўскі:

(Быкоўскі: ) “На момант зьяўленьня згаданай публікацыі ў інтэрнэце ўжо стала значна менш патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, таму, мабыць, ужо не было сэнсу аглядаць усе інтэрнэт-рэсурсы, зьвязаныя зь імі. Але я, паколькі мусіў працаваць і зазіраць на гэтыя сайты раней, скажу так. На большасьці сайтаў я ня бачыў эксклюзіўнай інфармацыі. На адным сайце – напрыклад, на сайце Домаша, былі пераважна паведамленьні агенцтва БелаПАН, на сайце Сініцына – пераважна публікавалася інфармацыя Інтэрфакса. Нешта падобнае было на сайце Марыніча. Мая газэта выпісвае гэтыя агенцтвы, і я атырмліваю іх інфармацыю крыху раней, чым яны зьяўляюцца на сайце, і таму мне проста не было неабходнасьці чытаць другасную інфармацыю са спазьненьнем.

А што тычыцца эксклюзіўнай інфармацыі, дык гэта, хутчэй, была інфармацыя пра біяграфію ці жыцьцёвы шлях патэнцыйнага кандыдата. На некаторых сайтах былі форумы, дыскусіі, на якіх можна было запытацца. Магчыма, яны маглі зацікавіць журналістаў, але пераважна там запытваліся пра рэчы, якія журналісты ўжо ведаюць – напрыклад, пра біяграфію ці нешта падобнае, альбо як кандыдат ставіцца да нейкага канкрэтнага пытаньня. З улікам таго, што той самы кандыдат ужо праводзіў шмат прэсавых канфэрэнцыяў, часьцей за ўсё на гэтых форумах прысутнічалі не журналісты, паколькі ім там не было магчымасьці знайсьці нешта цікавае. Ва ўселякім разе, я не знайшоў там для сябе нічога цікавага”.

Што тычыць яшчэ аднаго прэтэндэнта на прэзыдэнцкуую пасаду – Аляксандра Лукашэнкі, дык ягоны пэрсанальны сайт быў створаны задоўга да выбараў. Сярод іншага, на ім прысутнічае і выбарчая тэматыка. Аднак, ні непасрэдных адказаў на пытаньні, ні форуму на гэтым сайце няма. Выкарыстоўваецца, праўда, даўно забытая форма савецкага часу: “адказы на пытаньні, што задаюцца найчасьцей”. Напрыклад, пра канстытуцыю Беларусі, рэферэндум 96-га году. Гэтыя пытаньні, здаецца, даўно ўжо ніхто не задае – прынамсі, усур’ёз.

Аўтар артыкулу пра “Партызанаў у беларускіх сэрвэрных лясах” робіць выснову пра агульную пасыўнасьць афіцыёзу ў выкарыстаньні інтэрнэту як сродку масавай інфармацыі і тлумачыць гэта наступнымі прычынамі. “Па-першае, пад кантролем улады ёсьць тэлебачаньне, радыё і большасьць газэт. Гэтага цалкам дастаткова. Па-другое, гэта млявасьць і пэўная тэхнічная адсталасьць прадстаўнікоў улады. І трэцяя (відочна, асноўная прычына) палягае на тым, што карыстальнікі сеціва ў большасьці не належаць да электарату Аляксандра Лукашэнкі… Зваротным бокам адданасьці аўдыторыі беларускага інтэрнэту дэмакратычным каштоўнасьцям сталася тое, што апазыцыйныя выданьні фактычна ня маюць магчымасьці прыцягнуць новых прыхільнікаў. Тыя, хто загадзя гатовы галасаваць за Лукашэнку, як правіла, ня маюць доступу да інтэрнэту…”

Я зьвярнуўся да Паўлюка Быкоўскага з пытаньнем – ці падзяляе ён падобны пункт гледжаньня?

(Быкоўскі: ) “У вялікай ступені, гэта, напэўна, так. Бо сапраўды ў Інтэрнэце знаходзяцца пераважна маладыя людзі. Яны прадукуюць сайты самі для сябе, і самі на іх штосьцуі абмяркоўваюць. Што тычыцца канкрэтна аўтара публікацыі, то найперш яе вельмі зьдзівіла, калі я распавёў пра форум на сайце Цэнтрвыбаркаму. Гэта аказаўся вельмі дзіўны форум. Бо там былі толькі нападкі на Цэнтрвыбаркам. Хаця людзі там былі розныя, і некаторыя ставіліся да прадстаўнікоў ЦВК больш-менш выхавана, а хтосьці наадварот. Але ў любым выпадку пасьля адкрыцьця сайту і гэтага форуму на ім Цэнтрвыбаркам вельмі хутка перастаў адказваць на пытаньні, і форум апынуўся сам для сябе.

Вельмі добра, што ён працуе хутка, але вельмі дрэнна, што ЦВК не адказвае на пытаньні”.

(Тарас: ) “На гэтым сайце друкуюцца афіцыйныя паведамленьні Цэнтрвыбаркаму. Наколькі сайт можа быць карысныя для журналістаў?”

(Быкоўскі: ) “Афіцыйная інфармацыя ЦВК, натуральна, карысная, паколькі гэта першакрыніца. Але тое ж самае я асабіста атрымліваю ад кампаніі БелТА. Паведамленьні Цэнтрвыбаркаму прыходзяць раней праз БелТА, чым зьяўляюцца на сайце. Таму гэта, напэўна, нецікава.

А калі вяртацца да выкарыстаньня рэжымам рэсурсаў інтэрнэту, то гэта, хутчэй, скіравана да замежных карыстальнікаў. Напрыклад, на сайце Белтэлерадыёкампаніі, калі паглядзець форум, які там ёсьць, дык найбольш прыхільныя звароты там ад выхадцаў зь Беларусі ці прадстаўнікоў іншых краінаў СНД.

Там было некалькі добрых водгукаў зь Нямеччыны. Гэта людзі, якія пабачылі першы сайт, напэўна, зь Беларусі, які ім спадабаўся. Ім гэты сайт падаўся падобным на заходнія, і яны вырашылі, што напэўна інфармацыя тут добрая, карысная. Але як такой інфармацыі там ня вельмі шмат.

Адзінае, што мушу зазначыць – там ёсьць тэксты перадачы “Рэзананс”, і мне як журналісту трэба глядзець і гэтую перадачу. Бывае лянота здымаць з дыктафону некаторыя выказваньні спадара Зімоўскага. Зь Iнтэрнэту іх здымаць значна прасьцей, і я вельмі ўдзячны Белтэлерадыёкампаніі, якая крыху спрасьціла маю працу.”

Гэта было інтэрвію загадчыка аддзелу інфармацыі і палітыкі газэты “Белорусский рынок” П. Быкоўскага. А зараз некалькі навінаў зь Беларусі і замежжа.

На адрасе Tarashkevich. By. ru зьмешчанае факсімільнае выданьне 1929 году “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча. Больш інфармацыі для тых, хто цікавіцца беларускай мовай, можна знайсьці на сайце Mova.by. ru Тут сабраныя ўсе рэсурсы інтэрнэту, якія выходзяць па-беларуску.

У ЗША пачаў працаваць новы, самы магутны ў сьвеце кампутар ASCI White, пабудаваны карапрацыяй Ай-бі-эм на замову міністэрства энэргетыкі ЗША. Кампутар будзе ўжыты для мадэляваньня працэсаў, якія адбываюцца пры ініцыяваньні ядзерных зарадаў. А да 2005 году плянуецца ствраыць кампутар, здольны рабіць 100 трыльёнаў апэрацыяў за сэкунду, які зможа разьлічыць працэс ядзернага выбуху.

Некаторыя брытанскія кампаніі пачалі праводзіць “пятніцы без электроннай пошты”. Кіраўнікі кампаніяў лічаць, што электронная пошта перашкаджае творчаму настрою і зьніжае маральны дух калектыву. Дэвід Рэдкліф – выканаўчы дырэктар турыстычнай фірмы Хог Робінсан, якая першай пачала праводзіць такія пятніцы, мяркуе, што адмова ад карыстаньня электроннай поштай хаця б на адзін дзень прымушае людзей больш надаваць увагі асабістым кантактам. А гэта, у сваю чаргу, падвышае эфектыўнасьць працы і ўступень узаемадзеньня людзей у калектыве.

І на заканчэньне – навіна для слухачоў Радыё Свабода. Як вядома, усе матэрыялы беларускай Свабоды, што выходзяць у эфір, можна таксама слухаць з дапамогай Iнтэрнэту у рэжыме “real audio”. Зараз ідзе праца над стварэньнем архіву ўсіх аўдыёматэрыялаў. Так што ў бліжэйшай будучыні карыстальнікі Iнтэрнэту змогуць слухаць нашыя перадачы ў зручны для іх час.

Нагадаем наш адрас: www. svaboda. оrg


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG