Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІСІЯ НАЗІРАЛЬНІКАЎ БДІПЧ РАСПАЧАЛА ПРАЦУ


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня экспэрты місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ атрымалі ў Цэнтарвыбаркаме акрэдытацыйныя пасьведчаньні міжнародных назіральнікаў.

Супрацоўнік місіі БДІПЧ АБСЭ Марэк Мрачка, які адказвае за кантакты з прэсай, паведаміў Свабодзе, што цяпер місія рыхтуецца да назіраньня, вельмі шмат арганізацыйнай працы. Таму сёньня кантакты з прэсай сяброў місіі былі абмежаваныя, але заўтра чакаюць першага брыфінгу ейнага кіраўніцтва, — паведаміў Марэк Мрачка.

На сёньня ўжо прыбылі й акрэдытаваныя 15 сяброў місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ з розных краінаў. Яны ўжо заснавалі некалькі офісаў сваёй місіі. Усяго ж павінна прыбыць 29 назіральнікаў, якія распачнуць працу Бюро ў Менску і ў кожнай вобласьці.

Галоўны офіс місіі разьмесьціўся ў Міжнародным адукацыйным цэнтры на праспэкце газэты "Праўда" ў Менску. Цяпер адбываюцца першыя сустрэчы сяброў місіі ў Беларусі. Сёньня яны сустракаліся са старшынёй Цэнтарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай і сакратаром Мікалаем Лазавіком, якія паабяцалі трымаць дзьверы адчыненымі для назіральнікаў. Гаворыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) "Мы засталіся вельмі задаволеныя гэтым візытам, бо адчулі, што тут узаемная зацікаўленасьць у тым, каб было аб'ектыўнае назіраньне — гэта з аднаго боку. А зь іншага — мы адкрытыя і гатовы прадаставіць любую інфармацыю, якая будзе іх цікавіць".

Акрамя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ доўгатэрміновае назіраньне за прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй наладжвае і Асацыяцыя арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Гэтую арганізацыю ўжо цяпер прадстаўляюць тры экспэрты — з Вугоршчыны, Расеі і Ўкраіны. Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзелу інфармацыі і міжнародных назіральнікаў Цэнтарвыбаркаму Беларусі Валеры Юрэвіч.

Усяго ж больш за 220 міжнародных назіральнікаў ужо пацьвердзілі сваю гатоўнасьць прысутнічаць у Беларусі падчас выбараў. Яны прадстаўляюць многія краіны сьвету — як з Захаду, так і з Усходу, але найбольш прадстаўнічая дэлегацыя будзе з Расейскай Фэдэрацыі.

Акрамя таго, непасрэдна на выбары прыбудзе яшчэ каля 150 назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ. Як патлумачыў кіраўнік місіі Граер Бальян на сустрэчы ў ЦВК, ахвотных назіраць за беларускімі выбарамі выявілася болей, чым чакалі. Гэтыя назіральнікі будуць прыяжджаць у Беларусь ужо непасрэдна перад выбарамі, пачынаючы з 4 верасьня.

XS
SM
MD
LG