Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗУБРЫ” Ў БАРЫСАВЕ Ў КАМІЧНЫ СПОСАБ АГІТАВАЛІ СУПРАЦЬ ЛУКАШЭНКІ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Акцыя пачалася раніцай, калі актывісты мясцовага аддзелу руху “Зубар” на шматлікіх бэтонных агароджах гораду напісалі антылукашэнкаўскія лёзунгі ды расклеілі ў людных месцах налепкі са слаганам “Час прыбіраць”, а на шашы Менск-Барысаў на лініі мяжы гораду белай фарбай вывелі “Стоп Лука”.

Пакуль работнікі камунальнай службы зьдзіралі тыя налепкі ды замалёўвалі лёзунгі, што заклікалі не галасаваць за Лукашэнку, прыкладна аб 14 гадзіне на Цэнтральнай плошчы зьявіўся ладнаваты дзяцюк, апрануты ў спартовы строй. На яго галаве была хакейная каска, пад носам тырчэлі прыклееныя вусы, вельмі падобныя да вусоў Лукашэнкі. У руках дзяцюк трымаў клюшку, а на шыі ягонай боўталася шыльдачка з надпісам “Шукаю трэнэра”. Ён чапляўся да мінакоў і сьцьвярджаў, што першай справай пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах знойдзе сабе добрага трэнэра, і тады зборная Беларусі на чэмпіянатах Эўропы пад яго кіраўніцтвам стане непераможнай. Вось чаму, маўляў, барысаўцы, павінныя галасаваць толькі за яго.

Міліцыянт, які дзяжурыў у гарвыканкаме, выбег на плошчу, каб затрымаць юнака. Аднак хлапец і чалавек 20 ягоных сябрукоў вельмі лёгка зьбеглі ад выканкамаўскага ахоўніка і працягвалі сваю акцыю на іншых вуліцах Барысава.

Акцыя скончылася аб 15 гадзіне. Міліцыянтам на гэты раз так і не пашэнціла затрымаць хаця аднаго яе ўдзельніка.

XS
SM
MD
LG