Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АКТЫЎНАЯ АГІТАЦЫЯ ЗА ЎЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА ПАЧНЕЦЦА ЗАЎТРА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Мінуў ужо амаль тыдзень ад часу рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта, але актыўную агітацыйную кампанію распачала толькі каманда Аляксандра Лукашэнкі. Штодня на першых старонках дзяржаўных газэтаў, а таксама ў тэле- й радыёэфіры гучаць заклікі кшталту "Лукашэнка — наш прэзыдэнт!" ды іншыя.

Актывісты штабу Ўладзімера Ганчарыка ад 14 жніўня чакалі, калі Цэнтарвыбаркам выдаткуе сродкі на друкаваную агітацыйную прадукцыю, каб валанцёры маглі афіцыйна ісьці з гэтымі ўлёткамі ды партрэтамі кандыдата да выбарцаў. Пачынаць гэтую кампанію раней актывісты штабу Ганчарыка асьцерагаліся, каб ня даць уладам падставу скасаваць рэгістрацыю за парушэньне Выбарчага кодэксу. Таму вулічныя пікеты й абыход кватэраў актывісты штабу Ганчарыка пачынаюць толькі заўтра. Гаворыць намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Толькі сёньня мы атрымалі першыя агітацыйныя матэрыялы. У наступныя дні кампанія будзе разгорнутая поўнамаштабная. Людзі маюць пляны, будуць мець зараз агітацыйныя матэрыялы, і думаю, што на гэтым тыдні ўсе ўбачаць, што пайшла масіраваная агітацыйная кампанія. Гэта будуць пікеты, гэта будзе абыход кватэраў, гэта будуць лісты да выбарцаў, і некалькі спэцыяльных акцыяў.

Мы будзем заклікаць выбарцаў, каб яны не галасавалі за ўладу, якая адказная за зьнікненьні людзей. Каб галасавалі за таго кандыдата, які можа вывесьці краіну з крызысу. Асноўны лёзунг кандыдата — "Дабро вашаму дому".

Паводле Аляксандра Дабравольскага, заўтра ў розных гарадах Беларусі зьявяцца пікеты ў падтрымку Ўладзімера Ганчарыка. Пікеты, а таксама кампанія "Ад дзьвярэй да дзьвярэй" будуць праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Заўтра Ўладзімер Ганчарык будзе запісваць свой тэлевыступ перад выбарцамі. Спадар Ганчарык сёньня абверг інфармацыю дзяржаўнага тэлебачаньня пра тое, што ў яго нібыта няма ніякай перадвыбарчай праграмы. Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Аб'ектыўнасьць Беларускага тэлебачаньня вядомая, я пра гэта гаварыў. Праграма мая разьвезеная па рэдакцыях, але праграмы Лукашэнкі нідзе мы не знайшлі, ні ў воднай газэце ці рэдакцыі".

А сёньня свае выступы запісвалі Сямён Домаш і Сяргей Гайдукевіч. Спадар Гайдукевіч зрабіў свой выступ у форме адказаў на пытаньні выбарцаў і быў задаволены запісам. Сямён Домаш крытыкаваў беларускія ўлады й заклікаў людзей аддаць свае галасы за адзінага кандыдата Ўладзімера Ганчарыка.

Праўда, заявы пра тое, што ён здымае сваю кандыдатуру на карысьць Ганчарыка, Сямён Домаш так і не зрабіў. Ён толькі пацьвердзіў сваё абяцаньне зьняць кандыдатуру самым блізкім часам.

А ўчора Сямён Домаш, Уладзімер Ганчарык, а таксама Міхаіл Чыгір ды некаторыя іншыя былыя прэтэндэнты выступілі са спэцыяльным зваротам да выбарцаў, у якім заклікалі людзей ня браць удзелу ў датэрміновым галасаваньні, каб ня даць уладам магчымасьці падрабіць вынікі галасаваньня.

XS
SM
MD
LG