Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ


Віталь Цыганкоў, Менск

У Палацы культуры акцыянэрнага таварыства "Сукно" сабраліся 867 дэлегатаў ад большасьці дэмакратычных партыяў Беларусі, а таксама ад прафсаюзаў і грамадзкіх арганізацыяў.

Адрозна ад папярэдніх кангрэсаў, некаторыя палітычныя сілы гэтым разам вырашылі зьмяніць свой фармат удзелу ў форуме. Так, Партыя працы на чале з Аляксандрам Бухвоставым накіравала на кангрэс толькі некалькі чалавек гасьцямі, а рух Васіля Лявонава "За новую Беларусь" на Кангрэсе прадстаўлялі толькі два чалавекі — Анатоль Гуляеў і Іосіф Сярэдзіч.

Кіраўніцтва БСДП "Народная грамада" на чале зь Міколам Статкевічам увогуле вырашыла ня браць удзелу ў Кангрэсе, таму ад імя партыі ў форуме бралі ўдзел сябры партыйнай фракцыі "За адзінства", якую ўзначальвае Аляксей Кароль. Зрэшты, гэтыя акалічнасьці ня сталі перашкодай для правядзеньня Кангрэсу, які прайшоў дынамічна, безь якіх-небудзь канфліктных альбо скандальных сытуацыяў.

Кульмінацыяй Форуму сталі выступы двух дэмакратычных кандыдатаў на прэзыдэнта. Выступ Уладзімера Ганчарыка працягваўся каля 10 хвілінаў, і яго ня раз перапынялі воплескі.

Адзіны кандыдат зрабіў некалькі важных заяваў. Ён паведаміў, што вэртыкалі далі ўстаноўку, каб у датэрміновым галасаваньні ўзялі ўдзел ня менш як 30% выбарцаў, а ўлады заявяць, нібы ў такім галасаваньні ўдзельнічалі ўсяго 5–7%. Ганчарык таксама паведаміў, што каля Слоніму прайшлі вучэньні спэцпадразьдзяленьняў унутраных войск і КГБ, на якіх адпрацоўвалі мэтады разгону мірных дэманстрацыяў. А сумнавядомаму СОБРу падвысілі грашовае забесьпячэньне — год службы залічваецца за два, як у вайну.

(Ганчарык: ) "З кім гэтыя людзі зьбіраюцца ваяваць? З Ганчарыкам? Не. З народам. Антынародную сутнасьць рэжыму ўжо не схаваць пад слоўным шалупіньнем. Менавіта таму яны асуджаныя на паразу. І ніякія правакацыі ня выратуюць тых, хто іх плянуе".

Ужо пасьля свайго выступу ў інтэрвію для журналістаў Ганчарык паведаміў, што беларускія ўлады рыхтуюць шэраг правакацыяў супраць адзінага кандыдата. Паводле Ганчарыка, неўзабаве па Беларускім тэлебачаньні могуць паказаць сюжэты, дзе выбарцам раздаюць грошы нібыта ад імя Ганчарыка.

Як вядома, Цэнтарвыбаркам забараніў кандыдатам у прэзыдэнты выступаць у жывым эфіры, а таксама даваць падрыхтаваныя ролікі. У гэтай сувязі Ўладзімер Ганчарык, выступаючы на кангрэсе, прапанаваў Аляксандру Лукашэнку правесьці тэледэбаты ў жывым эфіры. Адзіны кандыдат закончыў сваю прамову даволі патэтычна.

(Ганчарык: ) "Я веру, што ніхто ня зможа нас запалохаць. Я веру, што разам нават у гэтых умовах мы пераможам. І разам мы збудуем новую Беларусь — краіну, якой мы будзем ганарыцца. Мы ідзем на выбары зь лёзунгам "У адзінстве — наша сіла". І хай заўсёды гучыць: "Жыве Беларусь!" — у адказ заля скандавала "Жыве Беларусь!", гучалі воплескі.

Пасьля Ганчарыка слова далі Сямёну Домашу. Калі аб'явілі, хто будзе выступаць, заля ўстала і пачала скандаваць: "Домаш!" Сямён Домаш жэстам спыніў гэтыя воклічы і адразу тактоўна зьмякчыў сытуацыю, сказаўшы, што гэтая авацыя безумоўна адрасаваная абодвум дэмакратычным кандыдатам. Домаш яшчэ раз пацьвердзіў з трыбуны, што ён здыме сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Ганчарыка.

(Домаш: ) "Калі палітыкі гатовыя адмовіцца ад сваіх амбіцыяў, каб дасягнуць галоўнага — гэта значыць, што палітыка ў Беларусі выйшла зь дзіцячага ўзросту, дарасла да самага сур'ёзнага ўзроўню. Людзі чакаюць ад нас рашучасьці, волі, перамогі. І да гэтай перамогі ўжо зроблены першы крок, беларускія дэмакратычныя сілы вылучылі адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары — Ганчарыка Ўладзімера Іванавіча".

Домаш таксама выказаў упэўненасьць, што беларускі народ зробіць слушны выбар і выправіць памылку, зробленую ў 1994 годзе.

На Кангрэсе не плянавалі прыняцьця якіх-небудзь выніковых рашэньняў ці рэзалюцыяў. Дэлегаты проста ўхвалілі падпісаньне пагадненьня паміж адзіным кандыдатам і шырокай грамадзянскай кааліцыяй.

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка на прэсавай канфэрэнцыі падчас Кангрэсу адзначыў, што кампанія адзінага кандыдата, на жаль, ідзе пакуль што вельмі слаба, яе амаль не відаць. Вячорка падкрэсьліў, што Кангрэс і быў патрэбны менавіта дзеля таго, каб натхніць актывістаў дэмакратычных партыяў як хутчэй падключыцца да працы на карысьць адзінага кандыдата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG