Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ КІРАЎНІКІ КАЛГАСАЎ І САЎГАСАЎ ХІТРУЮЦЬ З ВЫПЛАТАМІ ЗАРОБКАЎ, КАБ АДРАПАРТАВАЦЦА ПЕРАД ВЫБАРАМІ


Казімер Яноўскі, Добруш

Кіраўнік райсельгасхарчу Добрускага райвыканкаму, ён жа намесьнік старшыні Аляксандар Антановіч сьцьвярджае, што на сёньняшні дзень усе калгасы і саўгасы раёну разьлічыліся зь вяскоўцамі па заробку ня толькі за травень, але нават і за чэрвень.

Гэта ніяк не стасуецца з паведамленьнем Вольгі Мішчанкі зь вёскі Перарост, цэнтру калгасу імя Калініна.

(Мішчанка: ) "За чэрвень мы яшчэ заробку не атрымалі. Далі нам за травень па 20 тысяч. Сядзім бяз грошай. Дзяцей у школу трэба адпраўляць, а мы бяз грошай. Мужчыны нашы, камбайнэры, цэлы дзень працуюць на жніве. Прыходзяць вечарам дамоў, а тут нават няма куска хлеба.

Зусім нядаўна прынесьлі нам ведамасьці на фэрмы, мэхдвор, збожжаток. Злучылі травеньскі й чэрвеньскі заробкі разам і прымусілі паставіць подпісы, што мы нібыта атрымалі заробак за згаданыя месяцы. Гэта каб адрапартаваць у прэзыдэнцкую камісію. А мы заробку, апроч мізэрнага авансу, фактычна ня бачылі", — паведаміла калгасьніца Мішчанка.

Начальнік райсельгасхарчу спадар Антановіч на такія хітрыкі старшыні калгасу імя Калініна Віктара Байдава адрэагаваў безь зьдзіўленьня і досыць спакойна: "Праверым, калі гэта так".

Абласное ўпраўленьне статыстыкі таксама ня згадвае пра нявыплату заробкаў у калгасе імя Калініна. На пачатак жніўня ў афіцыйных зводках фігуравалі толькі дзьве гаспадаркі з Добрускага раёну — калгасы "Расьсьвет" і "Чырвоны партызан".

Што ж тычыцца выплаты за чэрвень, то, паводле зьвестак упраўленьня статыстыкі, доўг вяскоўцам у рэгіёне складаў у гэты час 2,2 мільярда рублёў.


XS
SM
MD
LG