Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХОДНІ ДРУК ШЫРОКА КАМЭНТУЕ ПЕРАДВЫБАРЧУЮ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ


Сяргей Шупа, Прага




Шырэй сёньня мы пазнаёмім вас з артыкулам у сёньняшнім нумары лёнданскай газэты The Times. Артыкул мае загаловак «Беларускі дыктатар грае галоўную ролю ў вельмі небясьпечнай драме».

Карэспандэнт газэты Джыл Ўайтэл піша зь Менску:

«Пяць гадоў таму Аляксандар Лукашэнка ператварыў Беларуь у краіну-парыю, разагнаўшы парлямэнт і блаславіўшы сябе на ролю яе пажыцьцёвага бацькі.

На гэтым тыдні ён распачаў кампанію свайго пераабраньня, паабяцаўшы з 90 працэнтамі выйграць выбары і абараніць сваю перамогу сілай, калі хто-небудзь наважыцца яе аспрэчыць. Апошні дыктатар Эўропы, які захаваў сваю краіну як савецкі застойны востраў усяго за дзень язды ад Бэрліну, змагаецца за другі прэзыдэнцкі тэрмін на плятформе яшчэ цясьнейшага саюзу з Расеяй і безагляднага супраціву рэформам. Ён прыгразіў удзельнікам магчымых дэманстрацыяў пасьля ягонай перамогі, заявіўшы, што будзе гатовы ўжыць вайасковую сілу, каб абараніць, як ён сказаў, «мяне, мой народ і дзяржаву».

За гэтымі пагрозамі ў самым сэрцы Ўсходняй Эўропы разыгрываецца небясьпечная драма, якая вырашыць, ці гэты найбліжэйшы саюзьнік Масквы надалей будзе павернуты да Захаду сьпінай або штораз мацнейшая дэмакратычная апазыцыя прымусіць пачуць свой голас, а пасьля магчыма возьме ўладу.

Выглядае, што сп. Лукашэнка хутчэй за ўсё выйграе выбары. Маючы за сьпінаю адданую яму беларускую дзяржаўную тэлевізію і карыстаючыся моцнай падтрымкай вяскоўцаў і людзей старэйшага веку, гэты былы дырэктар саўгасу, які заявіў на гэтым тыдні, што яму не падабаецца слова «рэформы», ужо запэўніў сабе яшчэ пяць гадоў панаваньня. Аднак ён не адчувае сябе пэўным у трыумфальнай перамозе зь вялікім адрывам. Яму супрацьстаіць упершыню за дзесяць гадоў аб’яднаная апазыцыя і ўсё большы аптымізм ягоных ворагаў наконт таго, што ён будзе наступным былым эўрапейскім дыктатарам».

Далей лёнданская газэта The Times апісвае галоўную тэму, вакол якой апазыцыя вядзе сваю перадвыбарчую кампанію – зьнікненьні крытыкаў рэжыму, да якіх маюць дачыненьне арганізаваныя паплечнікамі Лукашэнкі эскадроны сьмерці. Менавіта гэтую тэму, а не палітыку або эканоміку, абраў цэнтрам сваёй выбарчай кампаніі кандыдат ад апазыцыі Ўладзімер Ганчарык.

«Ганчарык, - піша далей брытанскі журналіст, - маючы толькі два гарантаваныя паўгадзінныя эфіры ў тэлевізіі, вядзе сваю кампанію па-партызанску, езьдзячы на сваёй чырвонай шкодзе па імправізаваных вулічных мітынгах і позьніх сходках свайго штабу. На пытаньне, ці адчувае ён рызыку, ён паціскае плячыма і адказвае: «Я ўжо атрымваў папярэджаньні, але прынамсі маё зьнікненьне не застанецца незаўважанае».

На менскую незалежную газэту День было ўчынена два налёты, ёй было забаронена друкавацца ў дзяржаўных друкарнях пасьля таго, як яна надрукавала інтэрвію з былым паплечнікам Лукашэнкі, які пацьвердзіў факт існаваньне эскадронаў сьмерці.

Калі Ганчарык апублікаваў дакумэнты, якія, на ягоную думку, раскрывалі мэханізм дзеяньня эскадронаў сьмерці, ён запатрабаваў поўнага расьсьледаваньня. Не мінула й двух дзён, як расьсьледаваньне сапраўды пачалося ­ расьсьледаваньне фінансавых справаў кіраванай ім Фэдэрацыі Прафсаюзаў.

Лукашэнка займеў славу ўпартага самаўладцы на гэтым усё больш нестабільным лапіку Ўсходняй Эўропы, заціснутым паміж усходнімі аванпостамі НАТО ды Эўразьвязу і пост-камуністычнай Расеяй, якая дагэтуль усё яшчэ шукае сама сябе. Гэтую рэпутацыю ён зарабіў заклікамі да саюзу з Масквой і пагардай да эўрапейскіх інстытуцыяў.

Магчыма, што час ягонай палітыкі ўжо заканчваецца. Прэзыдэнт Пуцін дэманстрацыйна не адказвае на ягоныя цёплыя пачуцьці. У адрозьненьне ад свайго украінскага калегі Кучмы, Лукашэнка спаліў амаль усе масты з Захадам. Ён паабяцаў застацца пры ўладзе яшчэ як найменей на 12 гадоў і надаў сабе пажыцьцёвы статус міністра.

Ганчарык выказваецца аптымістычна, прынамсі, калі гаворка заходзіць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву. «Я ня думаю, што ён увядзе танкі. Ён проста ўцячэ з краіны».

Гэтым выказваньнем Уладзімера Ганчарыка заканчваецца артыкул Джыла Ўайтэла «Беларускі дыктатар грае галоўную ролю ў вельмі небясьпечнай драме». Артыкул надрукаваны ў сёньняшнім нумары лёнданскай газэты The Times.
XS
SM
MD
LG