Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІТЭБСКІ ТЭАТАР “ЛЯЛЬКА” ЎДАЛА ВЫСТУПІЎ НА ФЭСТЫВАЛІ БАЛТЫЙСКАГА РЭГІЁНУ Ў ПОЛЬШЧЫ


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 18 жніўня)

Гомельскі абласны цэнтар народнае творчасьці распачаў сэрыю выставаў, прысьвечаных традыцыйнаму мастацтву рэгіёнаў, якія найбольш пацярпелі ад Чарнобыльскае катастрофы. Першая з такіх выставаў рэпрэзэнтуе дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва з Нараўлянскага раёну. Сярод дзьвюх соцень экспанатаў можна бачыць самаробныя абразы, вышыўкі й драўляныя скульптуры, у тым ліку на чарнобыльскую тэму.

Віцебскі тэатар “Лялька” ўдала выступіў у Польшчы на тэатральным фэстывалі краінаў Балтыйскага рэгіёну й атрымаў прапанову зрабіць пастаноўку паводле адной з п’есаў польскага драматурга Мальгажаты Каміньскай. Паралельна віцяблянам над гэтым жа творам будуць працаваць яшчэ тры тэатры з розных краінаў, каб налета зладзіць адмысловы фэстываль чатырох спэктакляў паводле адной п’есы.

У фае кінатэатру “Мір” адчынілася фотавыстава “Начныя агні твайго гораду”. Аўтары больш як 40 маляўнічых здымкаў начнога жыцьця Менску — маладыя фотамастакі Віталь Шабанаў і Зьміцер Касьпяровіч — зьбіралі матэрыял для выставы на працягу двух гадоў. Кіраўніцтва кінатэатру мяркуе рэгулярна ладзіць фотавыставы й надалей.

На маскоўскай студыі гуказапісу “РокДержава” выйшаў зборнік сучаснае рок-музыкі краінаў, якія колісь уваходзі ў склад СССР, “РокДержава 2001”. Сярод 16 кампазыцыяў на альбоме ёсьць і тры беларускія песьні: “Тры чарапахі” гурту N.R.M., “Сяму-таму” гурту KRIWI й “Агу, вясна” гурту UR’IA. Усе гэтыя гурты пішуць свае назвы лацінкаю.

У менскай галерэі “Мастацтва” праходзіць выстава гарадзенскае мастачкі Вікторыі Ільліной-Загнетавай. Свой стыль Вікторыя акрэсьлівае як “суб’ектыўны рэалізм”. На выставе пераважаюць краявіды старое Горадні. Многія зь іх напісаныя пад уплывам Марка Шагала з пэрспэктывы птушынага палёту.

Студыя анімацыі “Беларусьфільму” выпусьціла два новыя мультфільмы. Фільм Алены Туравай “Музыка-чараўнік”, зьняты паводле фальклёрных матываў, распавядае пра папараць-кветку: знайсці яе дапамагае чароўная скрыпка. Стужка Аляксандра Ленкіна “Мядзьведзева паслуга” нагадвае трылер: ейны герой — скрыпач, на якога ў глухім лесе палюе мядзьведзь.


XS
SM
MD
LG