Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дагэтуль не названы дзень, калі пачнецца суд над выкрадальнікамі апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Людміла Карперка камэнтуе вандроўку па заходніх рэгіёнах Беларусі. Зінаіда Ганчар не давярае тым, што распаўсюджваюць зьвесткі, быццам Віктар Ганчар знаходзіцца за мяжой.

Ужо месяц прайшоў, як з пракуратуры Беларусі паведамілі, што справа аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага расьсьледаваная, што яна патрапіла ў суд і хутка будзе прызначаны дзень, калі пачнецца працэс над выкрадальнікамі журналіста, але дагэтуль гэты дзень не названы. У Вярхоўным судзе кажуць, што пытаньне яшчэ ня вырашанае і раюць зьвярнуцца яшчэ праз тыдзень. Між тым, нагадаю словы Аляксандра Лукашэнкі, які абяцаў, што ў жніўні ўжо будуць названыя злачынцы.

Гэтаксама ў тупіку знаходзіцца справа экс-міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі – тут сьледчыя нават ня кажуць пра завяршэньне расьсьледаваньня. Затое паводле афіцыйных мэдыяў Захаранка быццам бы скраў у прадпрымальнікаў 70 тысяч даляраў -- пра гэта паведаміла тэлебачаньне. Да гэтага абвінавачаньня было дададзена, што былы міністар займаўся фінансаваньнем Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Атрымліваецца, на скрадзеныя грошы. Я праверыў, ці фігуруюць гэтыя факты ў справе, якую пасьля зьнікненьня Захаранкі вядзе гарадзкая пракуратура. Сьледчая Сьвятлана Байкова не пацьвердзіла наяўнасьць такіх падазрэньняў да Захаранкі. Яна сказала, цытую, што "фінансавая вэрсія зьнікненьня правяралася і правяраецца дагэтуль, але нічога, што б яе даказала, ня знойдзена". А кіраўніцтва АГП ў адказ на вылучаныя абвінавачаньні ў незаконным фінансаваньні зьбіраецца падаць на БТ з суд.

На гэтым тыдні ў шэрагу гарадоў захаду Беларусі пабывалі Людміла Карпенка ды Ірына Красоўская. Усяго яны наведалі каля дзесяці вялікіх і маленькіх гарадоў, сустрэліся з сотнямі людзей. Удава Генадзя Карпенкі, падводзячы вынікі гэтых сустрэч, адзначыла павялічанае жаданьне людзей разабрацца ў тым, што адбываецца ў краіне.

(Карпенка: ) “Людзі цікавіліся, што адбываецца ў краіне і што здарылася з нашымі мужамі. І гэта была асноўная нашая мэта – распавесьці, які рэжым знаходзіцца пры ўладзе".

Зразумела, пасля гэтых сустрэч заставаліся і ўражаньні пра тое, якія настроі пануюць сярод людзей, як яны зьбіраюцца галасаваць.Паводле назіраньняў Людмілы Карпенкі, чынавенства ў заходніх районах спадзяецца на перамогу дэмакратычнага кандыдата, але дэманстраваць гэтыя спадзяваньні баіцца.

(Карпенка: ) “Толькі ў двух мястэчках міліцыянты ці чыноўнікі рабілі нам пэўныя перашкоды, а збольшага стаўленьне да сустрэч людзей з намі было нармалёвым".

Што да звычайных людзей – яны слаба інфармаваныя, заўважае ўдава Карпенкі, і таму выбар гэтых людзей будзе залежаць ад таго, ці здолее іх пераканаць. Дэмакраты ці ўлада. Яшчэ да выбараў Людміла Карпенка з жонкамі зьніклых палітыкаў плянуе наведаць таксама ўсходнія районы краіны.

Гэтым тыднем некаторыя інфармацыйныя агенцыі атрымалі паведамленьне нейкага ананімнага добразычліўца, які быццам ведае, што Віктра Гначара бачылі жывым. Цяпер ўжо ў Расеі (нагадаю, адразу пасьля ягонага зьнікненьня беларускія дзяржаўныя мэдыі паведамлялі, што Ганчара бачылі ў Літве, але потым сьледзтва гэтага не пацьвердзіла, а тыя мэдыі не былі прыцягнутыя да адказнасці). Зінаіду Ганчар, як нам стала вядома, таксама паінфармавалі пра гэтыя "ўкідваньні інфармацыі". Яна на гэта заявіла:

(Зінаіда Ганчар: ) "Я ў гэта ня веру. Ня веру асабліва з той прычыны, што гэтыя зьвесткі зьявіліся напярэдадні выбараў, калі так патрэбна заблытаць людзей. Вось і блытаюць, карыстаючыся імем майго мужа. Але чаму не спытаць пра тое, дзе ён, таго, хто за ўсё адказны ў нашай краіне – у Аляксандра Лукашэнкі? Я працягваю задаваць яму пытаньне – што здарылася з маім мужам, і чакаю адказу на гэтае пытаньне яшчэ да пачатку прэзыдэнцкіх выбараў".

Заявіла Радыё Свабода Зінаіда Ганчар.

І напрыканцы яшчэ адна вартая ўвагі інфармацыя тыдня. Яна пра заяву памочніка дзяржсакратара ЗША Элізабэт Джонс. Паводле яе, урады ЗША прапанавалі беларускім ўладам дапамогу ў расьсьледаваньні фактаў зьнікненьняў апазыцыянэраў. Аднак беларускія бок ад гэтай дапамогі адмовіўся, паведамляе БелаПАН, спасылаючыся на памочніка дзяржсакратара ЗША па эўрапейскіх справах Элізабет Джонс.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG