Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 ЖНІЎНЯ – 10 ГОД ПУТЧУ ГКЧП, ЯКІ ПАКАЛАЎ КАНЕЦ СССР


Ян Мацур, Прага

Праз тры дні няўмела сплянаваны путч праваліўся, і Гарбачоў вярнуўся ў Крэмль. Але эра ў адначасьсе скончылася. Савецкі Саюз, які змоўнікі адчайна спрабавалі ўратаваць, больш не існаваў.

Трывожныя знакі можна было назіраць на працягу некалькіх месяцаў. У сьнежні 1990 года савецкі міністар замежных справаў Эдуард Шэварнадзэ нечакана падаў у адстаўку, папярэдзіўшы пра тое, што праціўнікі рэформаў рыхтуюць змову.

Да канца зімы 1991 панавала атмасфэра ўсё ўзрастаючай напругі, калі будучы лідэр Расеі Барыс Ельцын узмацніў напады на асноўныя савецкія інстытуты адначасна з дыскусіямі пра новы саюз, які б паслабіў уплыў СССР.

Кансэрватары, як і прадказваў Шэварднадзэ, рабілі жорсткія заявы супраць, як ім падавалася, развалу дзяржавы. Гарбачоў рабіў розныя захады, спрабуючы заняць пазыцыю паміж двума лягерамі.
8-га сакавіка Крэмль прапанаваў праект новага пагадненьня паміж рэспублікамі. Дакумэнт прадстаўляў ім большую ступень сувэрэннасьці, даючы магчымасьць кантраляваць эканоміку і культуру і дазваляючы ўсталёўваць дыпляматычныя адносіны, падпісваць міжнародныя дакумэнты і далучацца да міжнародных арганізацыяў. Новую назву дзяржавы павінны былі абмеркаваць, за выключэньнем словаў сацыялістычны і савецкі. Нягледзячы на лібэральны зьмест дакумэнта, 6 зь 15 рэспублік СССР праігнаравалі рэфэрэндум па гэтаму пытаньню. Не зважаючы на цяжкасьці, Гарбачоў працягнуў працу над праектам саюза.

На пачатку жніўня прэзыдэнцкі дарадца Аляксандр Якаўлеў, празваны “архітэктарам перабудовы”, падаў у адстаўку, папярэдзіўшы свайго шэфа пра небясьпеку змовы. Перад гэтым прэзыдэнт ЗША Джордж Буш зрабіў беспрэцэдэнтны крок, затэлефанаваўшы Гарбачову з Вашынгтона, каб папярэдзіць яго пра тое ж.

19 жніўня лідэры змовы загаварылі публічна. ТАСС перадаў заяву, што Гарбачоў быў вызвалены ад сваіх абавязкаў у сувязі са станам здароўя. Улада пераходзіла да віцэ-прэзыдэнта Генадзя Янаева. Быў створаны Дзяржаўны камітэт па надзвычайных здарэньнях (ГКЧП), якім кіравалі 8 чыноўнікаў, уключна зь лідэрам КГБ Уладзімірам Кручковым, савецкім прэм’ерам Валянцінам Паўлавым і міністрам абароны Дзмітрыем Язавым. Любые забастоўкі ды дэманстрацыі былі забароненыя.

У хуткім часе “банда васьмёх”, як іх празвалі, зьявілася на тэлевізіі. Янаеў, здавалася, нэрваваўся асабліва (ці, магчыма, ён быў п’яны). Ягоныя рукі трэсьліся. Ён паведаміў гледачам, што ГКЧП мусіла ўсталяваць кантроль па прычыне дэзынтэграцыі краіны.
Пазьней тойсама раніцай расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын і іншыя высокія расейскія палітыкі абвесьцілі рашэньне неканстытуцыйным і заклікалі да ўсеагульнай забастоўкі. Ельцын, расейскі прэм’ер-міністар Іван Сілаеў і Руслан Хазбулатаў, які павінен быў стаць спікерам Вярхоўнага Савета, зрабілі сумесную заяву, абвяргаючы матывы лідэраў змовы.

“У ноч з 18 на 19 жніўня быў адхілены ад улады законна выбраны прэзыдэнт краіны. Якія б прычыны не апраўдвалі гэтае адхіленьне, мы маем справу з правым рэакцыйным антыканстытуцыйным пераваротам. Мы лічым, і лічылі, што сілавыя мэтады непрымальныя. Яны дыскрэдытуюць Савецкі Саюз перад усім сьветам, падрываюць наш прэстыж у сусьветнай супольнасьці і вяртаюць нас да эпохі халоднай вайны ды ізаляцыі Савецкага Саюза ад сусьветнай супольнасьці”.

21 жніўня, амаль адразу пасьля поўначы, да барыкадаў вакол Белага дома наблізілася калёна ваеннага транспарту. Распачаліся сутычкі. Двух пратэстуючых, што спрабавалі стаць на шляху, застрэлілі, яшчэ аднага задавіў танк. Натоўп людзей абкружыў машыны і падпаліў адзін транспартэр. Іншыя хутка адступілі. Путч праваліўся.

Наступным днём “банду васьмёх” арыштавалі. Статую Фэлікса Дзяржынскага, заснавальніка тайнай паліцыі ў 1917 годзе, звалілі насупраць галоўнага офісу КГБ у цэнтры Масквы. Гарбачоў атрымаў магчымасьць вярнуцца, але людзі скандавалі імя Ельцына.
Ельцын і ўвесь правячы верх Расеі не прапусьцілі гэты шанец. Як сказаў сам Гарбачоў ў інтэрвію ў 1996 годдзе:

“Ініцыятыва перайшла поўнасьцю да расейскага кіраўніцтва, якое абараняла дэмакратыю і натуральна адчувала себя пераможцам”.

Праз некалькі дзён рэспублікі СССР абвесьцілі сябе незалежнымі, і да сьнежня Саюз фармальна перастаў існаваць. Гарбачоў застаўся лідэрам без краіны.

Праз 10 год шмат пытаньняў пра падзеі жніўня 1991 застаюцца без адказаў. Па-першае, як доўга плянавалася апэрацыя, і чаму яна была праведзена гэтак непрафэсійна. Да гэтуль невядома, што Гарбачоў ведаў пра пляны сваіх паплечнікаў-міністраў. Вялікая колькасьць грошай з савецкае казны ўсё яшчэ застаецца няўлічанай.
Некалькі важных фігураў з ворганаў выведкі скончылі жыцьцё самагубствам ці загінулі пры загадкавых абставінах у наступныя дні пасьля путчу. Шмат з гэтых пытаньняў могуць застацца без адказу. Магчыма, яшчэ празь 10 год больш рэчаў стануць зразумелымі.


XS
SM
MD
LG