Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1991 ГОДЗЕ ПІНСК СТАЎ АДЗІНЫМ МЕСТАМ БЕЛАРУСІ, УЛАДЫ ЯКОГА АСУДЗІЛІ ПУТЧЫСТАЎ ГКЧП


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Уранку 19 жніўня сябры дэпутацкай фракцыі "Дэмакратычны блёк" Пінскага гарсавету назьбіралі неабходныя 20 подпісаў пад патрабаваньнем да прэзыдыюму склікаць нечарговую сэсію гарадзкога савету ў пытаньні ГКЧП. Пасьля працяглых дыскусіяў прэзыдыюм пастанавіў правесьці нечарговую сэсію 20 жніўня.

Але яшчэ 19 жніўня гарадзкая газэта "Пінскі весьнік" прыняла да друку заяву дэмакратычнай фракцыі гарсавету, у якой ГКЧП была названая хунтай. Дэпутаты патрабавалі распусьціць ГКЧП ды склікаць надзвычайны зьезд Вярхоўнага Савету СССР. У ноч з 19-га на 20-га жніўня некаторыя супрацоўнікі "Пінскага весьніка" і дэпутаты-падпісанты звароту не начавалі дома, бо баяліся перасьледу.

Распавядае журналіст Павал Куніцкі, які ў той час працаваў у "Пінскім весьніку":

(Куніцкі: ) "Становішча ў "Пінскім весьніку" было напружанае, журналісты былі абураныя дзеяньнямі ГКЧП. Натуральна, што кожны з журналістаў непакоіўся пра асабістую небясьпеку, бо да таго часу мы ўсе ўжо дазвалялі сабе крытычныя выказваньні на адрас камуністычнай партыі. Газэта тады была дэмакратычная, мы атакавалі мясцовых камуністаў і таму папросту баяліся помсты зь іх боку".

20 жніўня апоўдні пасьля цяжкіх дыскусіяў Пінскі гарсавет, адзіны на Беларусі, зь перавагай у два галасы ўхваліў зварот да Вярхоўнага Савету БССР і СССР, у якім выступіў супраць хунты ды запатрабаваў распусьціць ГКЧП.

Празь некаторы час у Пінску апячаталі маёмасьць кампартыі, а ў залі паседжаньняў гарвыканкаму зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг.

Адметна, што шмат хто з тагачасных сяброў камуністычнай партыі, якія ў дні путчу патрабавалі арыштаваць дэпутатаў з дэмакратычнай фракцыі разам з рэдактарам гарадзкой газэты "Пінскі весьнік" Фёдарам Сыціным, цяпер зацята падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку ды ёсьць гарачымі актывістамі пралукашэнкаўскай арганізацыі "Цытадэль".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG