Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМАНДА ГАНЧАРЫКА РАСПРАЦОЎВАЕ 100-ДЗЁННУЮ ПРАГРАМУ АЗДАРАЎЛЕНЬНЯ ЭКАНОМІКІ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле зьвестак выбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка, на вёсцы адзіны кандыдат ад грамадзянскай кааліцыі на сёньня саступае кандыдату ад улады. Але саступае з прычыны нізкай інфармаванасьці вяскоўцаў. Гэтыя зьвесткі пацьвердзілі ўдзельнікі сустрэчы. Гаворыць старшыня Бярэзінскага раённага камітэту прафсаюзу АПК Надзея Даніленка:

(Даніленка: ) "На сёньняшні дзень кандыдатаў, апроч Лукашэнкі, ня ведаюць. Магчыма, калі пачнуць іншыя выступаць з праграмамі, дык і пра іх пачуюць. Дагэтуль жа было зацішш,"— падкрэсьліла спадарыня Даніленка.

Другой падставай для сёньняшняй сустрэчы стаў ціск уладаў на кіраўнікоў АПК, які асабліва моцна адчуваецца на Меншчыне. Вось, напрыклад, што паведаміў на гэты конт нашаму Радыё старшыня прафсаюзу калгасу "Праўда" Дзяржынскага раёну Міхаіл Пракошын:

(Пракошын: ) "Вядзецца праца райвыканкаму ў падтрымку гэтага рэжыму. Чаму, я ня ведаю. Відаць, гэта ім выгадна. Агітуюць за рэжым Лукашэнкі. Па сутнасьці, вядзецца праца супраць народу," – зазначыў вясковы прафсаюзны лідэр Міхаіл Пракошын.

Праблема выкарыстаньня Аляксандрам Лукашэнкам так званага адміністрацыйнага рэсурсу турбуе і Ўладзімера Ганчарыка. Прынамсі, як вынікае зь яго выступу на сустрэчы, яны спрабуюць мінімізаваць гэты рэсурс шляхам перамоваў з "вэртыкальшчыкамі".

(Ганчарык: ) “Мы працуем з усімі – і з кіраўнікамі прадпрыемстваў. Мы таксама ведаем іхныя настроі, ведаем чаго яны баяцца…”

Як зазначыў Уладзімер Ганчарык, зараз галоўнае – данесьці да вяскоўцаў праўду. І найперш праўду пра пляны шырокай грамадзянскай кааліцыі ў выпадку перамогі на выбарах. Калі гэта адбудзецца, зазначыў Уладзімер Ганчарык, то ягоная каманда распачне эканамічнае аздараўленне краіны. У прыватнасьці, зараз распрацоўваецца 100-дзённая эканамічная праграма. Паводле Уладзімера Ганчарыка, яна прадугледжвае, у прыватнасьці, неадкладныя зьмены у галіне падатковай і інвэстацыйнай палітыкі. Адзіны кандыдат зьвярнуўся да прафсаюзных лідэраў, каб яны растлумачылі вяскоўцам, што ён не зьбіраецца, як сьцьвярджае Лукашэнка, тут жа разбурыць калгасы і саўгасы. Аднак зьмены на вёсцы адбудуцца.

Лідэр галіновага прафсаюзу аграрнікаў Аляксандар Ярашук, які ёсьць даверанай асобай Уладзімера Ганчарыка і арганізаваў сёньняшнюю сустрэчу, падсумаваў яе вынікі наступным чынам:

(Ярашук: ) “Ва ўмовах таго ціску, які аказваецца на ўсіх, у тым ліку і на наш прафсаюзны актыў, ня трэба бачыць гэтую задачу занадта лёгкай. Мы робім пэўныя захады, каб мабілізаваць наш актыў, і нейкім чынам знайсьці тую сьцежку да душаў сялянаў і паказаць, што наш кандыдат у дадзеным выпадку ў найбольшай ступені можа потым (у выпадку прыходу да ўлады) абараніць іх інтарэсы,” – зазначыў Аляксандар Ярашук.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG