Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНЧАРЫК, ДОМАШ І ГАЙДУКЕВІЧ ПАТРАБУЮЦЬ ЖЫВОГА ТЭЛЕЭФІРУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кандыдаты на прэзыдэнта не задаволеныя тым, што паводле пастановы Цэнтарвыбаркаму два дазволеныя ім паўгадзінавыя тэлевыступы будуць трансьляваць у запісе. Прычым, касэты з запісам будуць захоўваць на тэлебачаньні. Не дазваляецца рабіць мантаж запісу, падмяняць выступ дэманстрацыяй рэклямных, агітацыйных ролікаў за кандыдатаў і г.д.

Спадары Ганчарык, Домаш і Гайдукевіч лічаць, што падобныя варункі запісу і захаваньня выступаў істотна абмяжоўваюць іхныя канстытуцыйныя правы, ды накіравалі ў Цэнтарвыбаркам скаргу з патрабаваньнем адмяніць пастанову. Гаворыць кандыдат на прэзыдэнта Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Мы патрабуем, каб нам далі магчымасьць выступіць у прамым эфіры. Таму што калі запіс адбываецца больш чым за суткі, зь ім можна зрабіць усё што заўгодна. Мы баімся, што будзе цэнзура. Тады нашы выступы не дасягнуць той мэты, якую мы перад сабою ставім".

Пры гэтым Сямён Домаш дадаў, што Выбарчы кодэкс увогуле не тлумачыць, якім чынам павінны адбывацца выступы кандыдатаў у тэле- й радыёэфіры.

А вось меркаваньне юрыста перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Сяргея Альфера:

(Альфер: ) "Я лічу, што ня Цэнтарвыбаркам ёсьць аўтарам гэтай пастановы, нягледзячы на тое, што яны гэта прыймалі. Паводле майго меркаваньня, гэтая пастанова была падрыхтаваная ў адміністрацыі прэзыдэнта, а Цэнтарвыбаркам яе прыняў. Гэтая пастанова не дазваляе народу ўбачыць нармальны выступ кандыдата на прэзыдэнта".

Свой адказ на скаргу кандыдатаў прадстаўнікі Цэнтарвыбаркаму павінны даць цягам трох дзён.

А адзіны кандыдат Уладзімер Ганчарык патрабуе ад ЦВК даць тлумачэньні ў справе выданьня партыямі й грамадзкімі арганізацыямі агітацыйнай прадукцыі ў ягоную падтрымку. (У Выбарчым кодэксе запісана, што партыі, арганізацыі й працоўныя калектывы маюць на гэта права.)

Спадар Ганчарык таксама лічыць, што Цэнтарвыбаркам мусіць прыняць адмысловую пастанову наконт парадку правядзеньня масавых агітацыйных мерапрыемстваў. Уладзімер Ганчарык лічыць, што ў пэрыяд выбарчай кампаніі сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі мусяць адбывацца без усялякіх дазволаў уладаў.

Сямён Домаш сёньня паведаміў, што створаныя ўжо ўсе раённыя штабы адзінага кандыдата, у якія ўвайшло шмат актывістаў ягонай каманды. Паводле Домаша, з панядзелка ён разам з Ганчарыкам паедзе сустракацца з выбарцамі ў рэгіёны.

(Домаш: ) "Мы будзем удвух з Ганчарыкам езьдзіць. асабліва туды, дзе былі нейкія пытаньні, зьвязаныя з працай маіх структураў, дзе былі добрыя вынікі ў рэгіёнах — каб нам іх не згубіць. Там абавязкова мы будзем прысутнічаць удвух, і ўдвух будзем сустракацца зь людзьмі".

Заўтра абодва кандыдаты выступяць перад удзельнікамі Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG