Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗАЎВАЖЫЛІ МЕНЧУКІ, ШТО Ў БЕЛАРУСІ РАСПАЧАЛАСЯ АГІТАЦЫЯ ЗА КАНДЫДАТАЎ НА ПРЭЗЫДЭНТА?


Ягор Маёрчык, Менск

Большасьць апытаных мной менчукоў ведаюць, што ў Беларусі распачалася агітацыйная кампанія, аднак ня ўсе заўважылі яе праявы.

(Жанчына: ) "На вуліцах бачу, у пераходах сядзяць з рэклямнымі ўлёткамі".

(Жанчына: ) "Не, толькі хадзілі зьбіралі подпісы. А так больш ніякай агітацыі не было".

(Мужчына: ) "Увесь час у пікетах і падземных пераходах стаяць і агітуюць за прэзыдэнта. Я сам жыву ў інтэрнаце. Непасрэдна прыходзілі да мяне агітаваць".

(Жанчына: ) "Я нават не магу вам сказаць — ёсьць агітацыя ці не. Я проста чытаю "Народную волю", таму я ведаю, што спрабуюць зрабіць выбары нармалёвымі".

(Мужчына: ) "Раней на вуліцах было вельмі бачна. А па тэлевізары пра гэта кожны дзень гавораць".

(Мужчына: ) "Агітацыя, канечне, ня цалкам яшчэ ідзе. Толькі пачынаецца. Я слухаю "Свабоду", Радыё Рацыя, Балтыйскія хвалі. Усё гэта я ведаю".

Усяго некалькі чалавек сказалі, што ім невядома пра тое, што распачалася агітацыя за кандыдатаў на прэзыдэнта.

Многія лічаць, што перадвыбарчая агітацыя вялікага ўплыву на іх мець ня будзе і што яны самастойна вырашаць, за каго галасаваць 9 верасьня.

(Мужчына: ) "Я катэгарычна супраць агітацыі".

(Жанчына: ) "Я не паддаюся агітацыі. У мяне ёсьць свой пункт погляду".

(Мужчына: ) "Я сам выбраў: Лукашэнка. Гэта мой сябар. Ільготы зрабіў добрыя. Пэнсіянэр я, а яшчэ працую".

Як бачна, некаторыя з апытаных мінакоў ужо вызначыліся, якое прозьвішча пазначаць у выбарчых бюлетэнях.

(Мужчына: ) "Толькі не за Лукашэнку. Мне палітыка яго не ўнушае даверу".

(Жанчына: ) "Мабыць, за Ганчарыка. Але, канечне, не за Лукашэнку".

(Мужчына: ) "Я свой выбар ужо зрабіў — за прэзыдэнта".

(Мужчына: ) "Не за Лукашэнку: гэта ня наш".

(Мужчына: ) "Я буду галасаваць супраць усіх".

(Мужчына: ) "Нам жа выбару не пакінулі. Застаецца толькі за Ганчарыка галасаваць".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG