Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У БАРАНАВІЧАХ БЕЗ ТЛУМАЧЭНЬНЯ АДМОВІЎ ПРАВААБАРОНЦУ Ў СКАРЗЕ НА НЕЎКЛЮЧЭНЬНЕ ЯГО Ў СКЛАД ВЫБАРЧАЙ КАМІСІІ


Алесь Горбач, Баранавічы

Сябра Беларускага Гельсынскага камітэту, выкладчык права Баранавіцкай філіі Беларускага інстытуту правазнаўства Карней Пятровіч быў вылучаны сваім працоўным калектывам у склад гарадзкой камісіі па выбарах прэзыдэнта. Аднак ягоную кандыдатуру, як і кандыдатуры астатніх сямі дэмакратычных прадстаўнікоў, нават не разглядалі на сумесным паседжаньні выканкаму і прэзыдыюму гарсавету з-за таго, што іхныя дакумэнты нібыта былі няправільна аформленыя.

Да таго ж выканкамаўскія чыноўнікі яшчэ да паседжаньня вырашылі, што Карней Пятровіч ня можа прэтэндаваць на месца ў камісіі, бо яго вылучыла філія ўстановы, якая знаходзіцца ў Менску.

Спадар Пятровіч, які па адукацыі зьяўляецца юрыстам, не пагадзіўся з такім вынікам, таму зьвярнуўся ў суд са скаргай, у якой прасіў прызнаць дзеяньні выканкаму і прэзыдыюму гарсавету неправамоцнымі. Ён сёньня спрабаваў давесьці судзьдзі Баранавіцкага гарадзкога суду Ніне Гарбачык, што заява на ягонае ўключэньне павінна была разглядацца на паседжаньні, і ягоная кандыдатура павінна была ставіцца на галасаваньне, а гэтага не зрабілі.

Прадстаўнік выканкаму, загадчык аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Леанід Лойка такіх абвінавачаньняў не прызнаў — на ягоную думку, кандыдатура спадара Пятровіча абмяркоўвалася, але проста на яго не хапіла месца ў камісіі. З такімі цьверджаньнямі была згодная і прадстаўніца гарсавету Алена Кавалько. Апытаныя на судзе сьведкі, праваабаронцы ды журналісты, што прысутнічалі на згаданым паседжаньні выканкаму і прэзыдыюму гарсавету, фактычна пацьвердзілі тое, што сказаў Карней Пятровіч — заяву пра ягонае ўключэньне ў склад камісіі не разглядалі.

Аднак судзьдзі Ніне Гарбачык такіх аргумэнтаў аказалася недастаткова, таму суд безь ніякай матывацыі адмовіў Карнею Пятровічу ў задавальненьні скаргі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG