Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДОМАШ І ГАНЧАРЫК АДМОВІЛІСЯ АД АХОВЫ, ШТО ПРАПАНАВАЎ ЛУКАШЭНКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў штабе Ўладзімера Ганчарыка паведамілі, што працэс фармаваньня абласных штабоў ужо скончыўся, амаль стварылі ўжо раённыя падразьдзяленьні агульнага штабу. Паводле кіраўніцы штабу Ўладзімера Ганчарыка Валянціны Палевіковай, пераважная большасьць актывістаў каманды Сямёна Домаша ўжо дала сваю згоду на працу ў камандзе адзінага кандыдата. (Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і ў штабе спадара Домаша.)

Аднак некаторых актывістаў у раёнах яшчэ прыходзіцца пераконваць, каб тыя далучыліся да агульнай каманды. Гаворыць Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Зроблена ўжо шмат. Напрыклад, на Гарадзеншчыне, дзе мацнейшыя пазыцыі ў Домаша, мы аддалі фармаваньне ўсіх структураў, аб'яднаньне, каардынацыю ягоным людзям. І ўзначаліць агульны штаб кіраўнік штабу Домаша. Правялі сустрэчу кіраўнікоў штабоў Ганчарыка й Домаша, дзе ўсе гэтыя пытаньні былі ўзьнятыя. Ідзе каардынацыя, разумная каардынацыя. Ёсьць невялікія там праблемы, але сёньня ці заўтра яны павінны быць зьнятыя".

Фармаваньне раённых штабоў Уладзімера Ганчарыка будзе скончанае цягам бліжэйшых двух-трох дзён, і актывісты пачнуць поўнамаштабную агітацыйную кампанію.

У штабе Сямёна Домаша паведамілі, што ў Гомельскай і Менскай абласьцях каманды абодвух кандыдатаў аб'ядналіся цалкам, а ў Менску, Віцебскай і Берасьцейскай абласьцях структуры Домаша й Ганчарыка захоўваюць пэўную самастойнасьць, але працуюць на агульную мэту. Частка актывістаў будзе займацца толькі агітацыйнай кампаніяй за Ганчарыка, частка — праводзіць нэгатыўную кампанію супраць уладаў, а частка — заклікаць выбарцаў узяць актыўны ўдзел у верасьнёўскім галасаваньні.

Паводле Валянціны Палевіковай, шырокая агітацыйная кампанія яшчэ фактычна не пачыналася, бо, па-першае, трэба канчаткова сфармаваць штабы ва ўсіх рэгіёнах, а па-другое, Цэнтарвыбаркам да гэтага часу ня даў афіцыйных тлумачэньняў, якім чынам будзе адбывацца фінансаваньне кампаніі. Таму да гэтага часу сябры штабу Ўладзімера Ганчарыка ня могуць пачаць друк неабходнай літаратуры.

Праўда, некаторыя актывісты ўжо пачалі хадзіць па кватэрах грамадзянаў, але яны толькі дзякуюць людзям за тое, што тыя аддалі свае подпісы за дэмакратычных прэтэндэнтаў, і заклікаюць удзельнічаць у выбарах. А сама агітацыйная кампанія найхутчэй пачнецца 20 жніўня. Валянціна Палевікова працягвае:

(Палевікова: ) "Я думаю, што мы гэтай задачы дамо рады, каб усю гэтую машыну запусьціць скаардынавана. І я спадзяюся, што гэта будзе вялікая хваля агітацыі, і яна будзе вельмі прадуктыўная".

Тым часам кандыдаты Сямён Домаш і Ўладзімер Ганчарык сёньня атрымалі спэцыяльныя лісты, падпісаныя начальнікам службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі Генадзем Нявыгласам. Ён паведамляе, што паводле рашэньня Лукашэнкі спадарам Ганчарыку й Домашу вырашылі прадаставіць дзяржаўную ахову. Абодва прэтэндэнты адмовіліся ад гэтай прапановы, пры гэтым Домаш заявіў, што яму не патрэбная ахова ад уласнага народу, а Ганчарык сказаў, што ня хоча, каб побач зь ім знаходзіліся Лукашэнкавы ахоўнікі.

Сяргей Гайдукевіч такога ліста яшчэ не атрымліваў, але сказаў, што калі атрымае, то ад аховы не адмовіцца і прапануе яе ўзначаліць спадару Нявыгласу.

Уладзімер Ганчарык сёньня таксама паведаміў, што ён разам зь Сямёнам Домашам 18 жніўня выступяць на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, а пасьля на пленуме Партыі камуністаў.
XS
SM
MD
LG