Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КУЧМА Й ПУЦІН ПУБЛІЧНА ЛУКАШЭНКУ НЕ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ, КАЖА АМБАСАДАР УКРАІНЫ Ў БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

У інтэрвію праграме "Масква—Менск" расейскага тэлеканалу РТР Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўжо атрымаў падтрымку Ўладзімера Пуціна і Леаніда Кучмы. Спадар Лукашэнка сказаў, што іхная нядаўняя сустрэча ў Віцебску "сьведчыць пра тое, што прэзыдэнты й надалей гатовыя працаваць утрох разам. У адваротным выпадку, вядома, хтосьці зь іх не прыехаў бы... Сам факт сьведчыць пра тое, што прэзыдэнты падтрымліваюць мяне".

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Анатоля Дроня я папрасіў пракамэнтаваць гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі.

(Дронь: ) "Я не магу абвергнуць таго, што сказаў Аляксандар Рыгоравіч. Відавочна, ён мае падставы для гэтага. Але публічна — я ня чуў такое падтрымкі ні з боку расейскага прэзыдэнта, скажам, ні нашага прэзыдэнта.

І на мой погляд, падказваць наўпрост беларускаму народу, каго абраць, — гэта было б няправільна. Народ ваш мудры — гэта я добра ведаю — і разьбярэцца, і прагаласуе правільна".

Украінскі амбасадар сказаў на прэсавай канфэрэнцыі, што сёлетняе скарачэньне на 13% тавараабароту паміж дзьвюма краінамі выкліканае тым, што "відавочна, ня ўсё ў парадку з эканомікай" Беларусі.

Амбасадар Дронь выказаў спадзеў на "пазытыўныя зьмены бліжэйшым часам у эканоміцы Беларусі — яны насьпелі. І Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка заяўляе, што пасьля выбараў пойдзе на лібэралізацыю і на зьмены ў эканоміцы, і іншыя кандыдаты на прэзыдэнта заяўляюць пра гэта. То бок ёсьць надзея на пазытыўныя зьмены ў блізкай будучыні", — сказаў амбасадар Украіны Анатоль Дронь.
XS
SM
MD
LG