Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ БАЧАЦЬ У ГАНЧАРЫКУ МАЙСТРА КАМПРАМІСАЎ


Алена Панкратава, Менск

Вядучыя інфармацыйныя агэнцтвы Нямеччыны паведамілі, што ўчора Менск нарэшце накіраваў афіцыйную ноту ў Бюро дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека АБСЭ з просьбай даслаць у Беларусь сваіх назіральнікаў. Як адзначае "DPA", запрашэньне паступіла зь вялікім спазьненьнем і толькі пасьля таго, як АБСЭ выступіла з рэзкай крытыкай беларускіх уладаў.

Некаторыя мэдыі спасылаюцца на выказваньні адказнага супрацоўніка АБСЭ ў пытаньнях прэсы Фраймута Дувэ. У размове з карэспандэнтам службы навінаў радыёкарпарацыі "Deutsche Welle" спадар Дувэ зазначыў, што падобнай затрымкай беларускі лідэр можа зрабіць сабе сумнеўную паслугу. Фраймут Дувэ параўноўвае беларускага лідэра з колішнім прэзыдэнтам Югаславіі: "Мілошавіч таксама кантраляваў 90% сродкаў масавай інфармацыі. Урэшце яму перасталі верыць. Страта даверу заўсёды настае ў выніку кантролю над прэсай".

Журналіст уплывовай нямецкай газэты "Frankfurter Allgemeine Zeitung" Маркус Вэнэр першы ў Нямеччыне паведаміў пра беларускі эскадрон сьмерці (дарэчы, гэты матэрыял выклікаў вялікі рэзананс у нямецкіх палітычных колах) на старонках выданьня зьмясьціў артыкул "Усё аднойчы мае свой канец". Спасылаючыся на зьвесткі незалежнага апытаньня, ён піша, што шанцы Аляксандра Лукашэнкі на перамогу вагаюцца паміж 30% і 40%.

Маркус Вэнэр таксама падзяліўся з чытачамі сваімі ўражаньнямі ад сустрэчаў з кандыдатам на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Уладзімерам Ганчарыкам. Лідэр Беларускіх прафсаюзаў падаўся нямецкаму журналісту ўпэўненым чалавекам. У інтэрвію нямецкаму выданьню Ганчарык заявіў, што Лукашэнка можа не перамагчы ў першым туры, і тады ў другім туры параза яму забясьпечаная.

У гэтым зьвязку нямецкамоўнае бэрлінскае Інтэрнэт-выданьне "Belarus News", орган асацыяцыі нямецкіх чарнобыльскіх ініцыятываў, піша, што беларускага прафсаюзнага лідэра ў самы адказны момант можа падтрымаць ня толькі апазыцыя, але й вялікая частка дзяржаўнае намэнклятуры. Нямецкія журналісты бачаць у Ганчарыку майстра кампрамісаў. Яму ўдалося дамагчыся кансэнсусу з большай часткай апазыцыі — гэтага пакуль ня здолеў дасягнуць ніводзін з дэмакратычных лідэраў.

Як лічыць карэспандэнт "Frankfurter Allgemeine Zeitung" Маркус Вэнэр, Ганчарык ня мае нічога супраць зьвязу з Расеяй, але толькі калі Беларусь зможа заставацца сувэрэннай краінай. Пры гэтым прафсаюзны лідэр ёсьць апанэнтам Лукашэнкавай ідэі агульнага беларуска-расейскага эмісійнага цэнтру.

Паводле "Frankfurter Allgemeine Zeitung", у выпадку перамогі на выбарах Уладзімер Ганчарык зьбіраецца аднавіць добрасуседзкія адносіны з Захадам. Прыводзяцца наступныя словы кандыдата на прэзыдэнта: "Паколькі Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, яна не павінна адчуваць сябе госьцяй у эўрапейскім доме. Гэта абсурд, што Расея ідзе на канфрантацыю з краінамі Эўразьвязу і адводзіць Беларусі ў гэтым зьвязку ролю сатэліта". Ганчарык жадае роднай краіне добрасуседзкіх дачыненьняў з НАТО, бо Беларусь мае агульную мяжу з Польшчай — краінай-членам Паўднёва-Атлянтычнага блёку".

Аглядальнікі больш радыкальных нямецкіх выданьняў ставяцца да Ганчарыка скептычней. Супрацоўніца "Die Tageszeitung" Барбара Оэртэль назвала Ганчарыка "апаратчыкам зь вялікімі амбіцыямі". Гэты чалавек з 1986 году займае пасаду кіраўніка беларускіх прафсаюзаў, але ніколі да апошняга часу ня быў заўважаны як абаронца правоў беларускіх рабочых. Пры гэтым грошы беларускага пралетарыяту рэгулярна паступалі ў казну гэтае структуры, піша нямецкая журналістка.

Барбара Оэртэль лічыць, што "Ганчарык ня ёсьць ні чалавекам апазыцыі, ні рэфарматарам. Ён за кансэрватыўны шлях, але толькі без Лукашэнкі".

Большасьць нямецкіх журналістаў, дасьведчаных у пытаньнях нямецка-беларускіх дачыненьняў, пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў адносна падзеяў у Менску.

Як паведаміў у інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода гесэнскі журналiст, у нядаўнім мінулым уласны карэспандэнт тэлерадыёкарпарацыі "ARD" па Беларусі і Ўкраіне Райнгард Лаўтэрбах, час аналітыкі беларускай сытуацыі пакуль яшчэ не настаў. Паколькі многія ягоныя калегі яшчэ ня вырашылі пытаньня зь беларускай візай, па каналах нямецкіх мас-мэдыяў распаўсюджваецца вельмі сьціплая інфармацыя пра Беларусь. Галоўныя інфармацыйныя падставы для асьвятленьня прэзыдэнцкіх выбараў, на думку дасьведчаных нямецкіх крыніцаў, узьнікнуць неўзабаве.
XS
SM
MD
LG