Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"ЛУКАШЭНКА ДАЗВОЛІЎ ПРЫЕЗД БАЕВІКАМ З АБСЭ"


Сяргей Шупа, Прага

«Назіральнікі ў Беларусь?» - такое пытаньне задае славацкая газэта Pravda, паведаміўшы, што міністар замежных справаў Славаччыны Эдуард Кукан атрымаў запрашэньне ад свайго беларускага калегі – даслаць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары. Славацкае Міністэрства адказала, што дашле назіральнікаў толькі ў складзе місіі АБСЭ, зазначыўшы, што дасланьне назіральнікаў на двухбаковым узроўні яно лічыць непрымальным. Падобную пазыцыю займаюць і прадстаўнікі славацкіх няўрадавых арганізацыяў – яны хацелі б назіраць за выбарамі ў складзе місіі АБСЭ.

Яшчэ адна славацкая газэта – SME – надрукавала артыкул «Лукашэнка гатовы выйграць выбары». Газэта зьвярнула ўвагу на патрабаваньне маёмаснай дэклярацыі прэтэндэнтаў ды іхных сем’яў. Лукашэнка ў гэтым выявіў сябе як вельмі сьціплы чалавек – запісаў у дэклярацыю толькі дом і матацыкал свайго сына. Выбарчая камісія, ясная справа, ні на якую праверку не наважылася.

Сюрпрызам для газэты была інфармацыя пра запрашэньне назіральнікаў з АБСЭ – на што не наважыўся Мілошавіч. Можна ўжо загадзя меркаваць, што выбары ня пройдуць паводле міжнародных правілаў – занадта няроўныя ўмовы для розных удзельнікаў кампаніі. Але калі і ўзьнікнуць нейкія сумневы – дык яшчэ пытаньне, ці на заклік апазыцыі беларусы прыедуць у Менск на трактарах, як гэта зрабілі летась пасьля выбараў раззлаваныя сэрбы, піша славацкая газэта SME.

Эстонская Eesti Päevaleht паведамляе ў загалоўку прысьвечанага Беларусі артыкулу, што «Супернік гатовы прымяніць да Лукашэнкі амністыю». Газэта спасылаецца на кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка, які паабяцаў у выпадку сваёй перамогі нават і дараваць Лукашэнку злачынствы, учыненыя за час ягонага прэзыдэнцтва. Аднак за арганізаваныя забойствы апанэнтаў ўсё ж давядзецца адказваць, дадаў Ганчарык.

У Ганчарыку заходні сьвет відавочна хоча бачыць новага Каштуніцу, аднак у тым самым часе Расея, якая лічыцца галоўным саюзьнікам Беларусі, дагэтуль так і не засьведчыла публічнай падтрымкі кандыдатуры Лукашэнкі, – піша эстонская газэта Eesti Päevaleht.

Латыская расейскамоўная газэта Час адрэагавала на накіраваньне запрашэньняў назіральнікам. «Лукашэнка – да баявікоў з АБСЭ: ды ладна, прыяжджайце». Гэтак гучыць загаловак, а ў самым артыкуле пішацца, што АБСЭ можа гэтага запрашэньня й не прыняць, бо замест жаданых шасьці тыдняў назіраньня беларускі ўлады пакінулі ім толькі тры. Калі эўрапейскія назіральнікі адмовяцца ехаць у Беларусь, Лукашэнка (у разе перамогі) так і застанецца не прызнаным у сусьветнай супольнасьці. Газэта нагадвае, як раней Лукашэнка палохаў беларусаў: АБСЭ дашле на выбары «14 тысячаў баевікоў, якія раніцай сеюць, а ўвечары дастаюць ружжо з-пад ложка», а калі баевікам ня ўдасца выйграць у Лукашэнкі, дык яны зьвернуцца да НАТА, а НАТА пачне бамбіць Беларусь.

Пакуль жа Лукашэнка цудоўна сябе адчувае і безь легітымнасьці. Іншая справа, што апошнім часам гэта ўсё менш падабаецца Пуціну, які на выбарах «бацьку» так і не падтрымаў. Зрэшты, ужо й цяпер ясна, што адзінаму кандыдату ад апазыцыі Ўладзімеру Ганчарыку ня ўдасца абыйсьці Лукашэнку ні ў прысутнасьці назіральнікаў АБСЭ, ні ў адсутнасьці, – зазначае латыская газэта Час.
XS
SM
MD
LG