Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ "ЗУБРА" АБЯЦАЮЦЬ ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎ САМІ ПРЫБРАЦЬ СВАЕ НАЛЕПКІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Каля 20 чалавек нагадвалi мiнакам пра лёс тых вядомых асобаў, якія ў турме, зьнiклi альбо памерлi пры загадкавых абставiнах.

Сябры берасьцейскiх арганiзацыяў Маладой Грамады, Маладога Фронту, Цэнтру гуманiтарных дасьледаваньняў i iнфармацыi "Форум" i звычайныя грамадзяне а 18-й гадзiне сталi ў ланцуг каля кiнатэатру "Беларусь".

Гэтае месца ў цэнтры гораду традыцыйна зьбiрае ўвечары шмат берасьцейцаў. Таму цяжка было не заўважыць людзей, што стаялi з плякатамi й фотаздымкамi Генадзя Карпенкi, Юр'я Захаранкi, Вiктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмiтра Завадзкага, Андрэя Клiмава, Анатоля Майсенi й Валер'я Шчукiна. Удзельнiкi акцыi раздавалi мiнакам спэцвыпуск газэты "Народная воля".

Мiлiцыянты не перашкаджалi акцыi, але адначасова прыйшлi зьвесткi пра затрыманьнi двух валаньцёраў зь iнiцыятыўнай групы Ўладзiмера Ганчарыка. Яны раздавалі ў Берасьцi адмысловы выпуск расейскай газэты "Прэзыдэнт", якi быў прысьвечаны падзеям у Беларусi.

Тым часам шэраг акцыяў пад агульным назовам "Час прыбiраць!" ладзiць у Берасьцi рух супрацiву "Зубр". Сябры гэтай незарэгiстраванай арганiзацыi зьбiраюць сьмецьце ў месцах адпачынку жыхароў і на забруджаных участках ракi Мухавец.

Сваю апошнюю акцыю "зубры" прысьвяцiлi добраўпарадкаваньню гарадзкога фантану на вулiцы Савецкай, якi знаходзiцца ў аварыйным стане. Мясцовыя "зубры" хутка прыбралi гранiтны бардзюр, што адразу заўважылi многiя зь берасьцейцаў. Пра стаўленьне берасьцейцаў да акцыi "зуброў" распавядае актывiст гэтай арганiзацыi Кiрыл Данько:

(Данько: ) "Калi пытаюцца мiнакi: што вы робiце, дзеля чаго гэта, мы адказваем: "Сёньня прыбiраем мы, а 9-га прыбiраць будзеце вы". I сэнс акцыi "Час прыбiраць!" — менавiта ў гэтым".

Актывiсты руху "Зубр" таксама гавораць, што пасьля прэзыдэнцкiх выбараў яны самi прыбяруць у горадзе свае надпiсы ды налепкi.
XS
SM
MD
LG