Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЛІ ЎСЕ ВЕДАЮЦЬ ПРА АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Казімер Яноўскі, Гомель

Як паведаміў каардынатар апытаньня Зьміцер Кумічоў, 400 валанцёраў з аб'яднанага штабу Ўладзімера Ганчарыка за 10 дзён наведалі каля 60 тысяч кватэраў гамельчукоў. Абход паказаў: людзі збольшага абыякава ставяцца да выбараў альбо наогул не жадаюць размаўляць на гэтую тэму.

Адказалі на пытаньні валанцёраў 26 тысяч сем'яў. Усе яны ведаюць, што адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі стаў Уладзімер Ганчарык. Аднак галасаваць за яго зьбіраюцца пакуль толькі 10% апытаных. Столькі ж хочуць бачыць адзіным кандыдатам Сямёна Домаша. Траціна апытаных гамельчукоў перавагу аддае цяперашняму кіраўніку дзяржавы.

Надзвычай нізкі рэйтынг мае ў гамельчукоў чацьверты кандыдат на прэзыдэнта — Сяргей Гайдукевіч.

Цікава, што звыш як 40% гамельчукоў яшчэ ня вызначыліся, каму аддаць перавагу. Некаторыя зь іх наогул ня бачаць сэнсу ў галасаваньні, бо перакананыя, што іхны голас нічога не вырашае.

Падобныя апытаньні праводзіліся ў Жлобіне і Рэчыцы. Вынікі працы будуць скарыстаныя штабам Уладзімера Ганчарыка падчас правядзеньня агітацыйнай кампаніі.

Дарэчы, учора ўвечары ў Рэчыцы моладзь Аб'яднанай грамадзянскай партыі і маладафронтаўцы на канцэрце Васіля Раінчыка "Красуй, Беларусь!" з удзелам расейскага ансамбля "Кубанцы" раздалі запрошаным у Дом культуры гараджанам спэцвыпуск "Народнай волі". Зь яго рэчычане ўпершыню даведаліся, колькі каштуе беларускім падаткаплатнікам Лукашэнка, чые паўнамоцтвы скончыліся два гады таму. Цікавасьць да гэтай інфармацыі была гэткая вялікая, што каля тысячы асобнікаў спэцвыпуску "Народнай волі" людзі разабралі ўжо пасьля канцэрту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG