Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРАТРУС БЯЗЬ ВЕДАМА ГАСПАДЫНІ


Алесь Горбач, Баранавічы

Калі Алена Юшкевіч пад вечар вярнулася з паліклінікі, яна засьпела ў сваёй хаце чатырох міліцыянтаў, якія рабілі ператрус. Гэтую справу яны распачалі без гаспадыні, у доме былі толькі ейныя непаўналетнія дзеці ды хворая маці.

Рэч у тым, што дзеці Алены Юшкевіч распаўсюджвалі ў прыватным сэктары расейскую газэту "Прэзыдэнт", дзе зьмяшчаліся матэрыялы, прымеркаваныя да выбараў прэзыдэнта Беларусі. У гэтым ахоўнікі правапарадку ўгледзелі нейкае парушэньне і запатрабавалі ад Алены Юшкевіч тлумачэньняў.

Яна патлумачыла, што атрымала гэтую газэту для распаўсюду ад намесьніка старшыні мясцовай арганізацыі "Народнай Грамады" Віктара Карлінскага і хацела яму адразу ж патэлефанаваць ды паведаміць пра здарэньне. Аднак гэтага міліцыянты ёй зрабіць не далі, а самі выклікалі супрацоўніка КГБ.

Дарэчы, ні міліцыянты, ні кагэбіст не паказалі ніякіх пасьведчаньняў і не назваліся. Толькі пасьля таго, як дом ужо абшукалі, гаспадыні прапанавалі падпісаць паперу пра тое, што яна нібыта была згодная на ператрус. Міліцыянты гэтаксама склалі акт на спадарыню Юшкевіч ды забралі з сабой каля 25 асобнікаў газэты.

Сёньня раніцай супрацоўнік Баранавіцкага ўпраўленьня КГБ патэлефанаваў Алене Юшкевіч дадому. Ён сказаў, што ва ўчорашнім здарэньні няма нічога страшнага і папрасіў спадарыню Юшкевіч нікуды не паведамляць пра тое, што адбылося. Анак сама Алена лічыць дзеяньні міліцыянтаў неправамоцнымі ды мае намер зьвяртацца са скаргай у пракуратуру.
XS
SM
MD
LG