Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКУЛЬ НА МЕНСКІХ ДАМОХ ЗЬЯВІЛІСЯ ШЫЛЬДЫ СА СЛОВАМ “ПРАШПЕКТ?”


Валянціна Аксак, Менск

Гэтыя шыльды зьявіліся не па ўсім праспэкце, а толькі на правым, цотным ягоным баку, пачынаючы з дому №12 і сканчаючы №30. На астатніх вісяць ранейшыя, на якіх напісана звыклае — ад лацінскага "prospektus" — слова "праспэкт".

У гарадзкім Камітэце архітэктуры і будаўніцтва, які адказвае за візуальнае афармленьне сталіцы, нічога ня ведаюць пра паходжаньне новатвору на шыльдах. Апроч хіба таго, што новатворы зьявіліся на дамох, якія адміністрацыйна належаць да Ленінскага раёну гораду.

Намесьнік начальніка Камітэту архітэктуры і будаўніцтва Менгарвыканкаму Аляксей Мартынаў сказаў, што такія дзеяньні можна лічыць самадзейнасьцю раённай адміністрацыі. Але як такое мажліва, спадар Мартынаў ня ведае.

(Мартынаў: ) "Ну, я ня ведаю, у мяне няма інфармацыі. Трэба высьвятляць".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, як гэта мажліва, што адміністрацыя аднаго раёну нешта робіць сваё ў афармленьні гораду, не ўзгадняючы з вамі?"

(Мартынаў: ) "Ну не было ў іх на той момант тыпавых знакаў, вось яны і замовілі свае..."

(Карэспандэнт: ) "Вы як спэцыяліст як расцэньваеце падобныя дзеяньні?"

(Мартынаў: ) "Гэта непарадак, канечне. Разьбярэмся, што і адкуль".

(Карэспандэнт: ) "А самі вы даўно заўважылі гэтыя шыльды, яны ж зь месяц ужо вісяць?"

(Мартынаў: ) "Ну заўважыў, калі шчыра..."

(Карэспандэнт: ) "Ці прадпрымалі нешта?"

(Мартынаў: ) "Не, пакуль не", — сказаў спадар Мартынаў, намесьнік начальніка гарвыканкамаўскага камітэту, які адказвае за візуальнае афармленьне гораду.

Між тым высьветлілася, што шыльды зрабіла й прымацавала жыльлёва-рамонтна-эксплюатацыйнае ўпраўленьне Ленінскага раёну. Аднак і начальнік гэтага ведамства Леанід Казакоўскі ня ведае, адкуль на шыльдах зьявілася слова "прашпект".

(Казакоўскі: ) "Адкуль гэтае слова пайшло, мне цяжка сказаць, бо я якраз у гэты час быў у адпачынку".

(Карэспандэнт: ) "А рашэньне нейкае прымала ЖРЭУ ці хто яго прымаў?"

(Казакоўскі: ) "Гэтага я ня ведаю, мне трэба ўдакладняць".

Гэты выпадак у візуальным афармленьні беларускае сталіцы — не выключэньне. Разнамоўе, адсутнасьць адзінага стылю і частая грубая непісьменнасьць на гарадзкіх шыльдах сталіся мажлівыя з дазволу саміх гарадзкіх уладаў. Яшчэ 22 кастрычніка 1999 году Менгарвыканкам прыняў рашэньне за нумарам 1080, пункт 3.9.1, якое дае права ўласьнікам дамоў вызначаць зьмест шыльдаў, якія яны вывешваюць на сваіх дамох.

Ад таго часу на некаторых дамох і зьявіліся расейскамоўныя шыльды з назовамі вуліцаў, а расейскамоўныя шыльды з назовамі ўстановаў сталіся амаль агульнагарадзкім правілам. Што ж датычна іхнае пісьменнасьці, то тут даходзіць да анэкдотаў кшталту крамаў пад назовам "Овашчы", "Прыпутнік" і да таго падобнае трасянкавае лухты.

Праўда, намесьнік старшыні выканкаму спадар Гурын згодны, што трэба выпраўляць становішча. Але ягоныя добрыя намеры не пайшлі пакуль далей наданьня некаторым безыменным аб'ектам на карце гораду імёнаў выдатных дзеячаў беларускае культуры. У прыватнасьці, пляцу блізу Тэатра музкамэдыі вырашана надаць імя Францішка Багушэвіча. Шыльдаў пра гэта там яшчэ няма. І пры цяперашняй усеагульнай безадказнасьці за зьмест шыльдаў, ня выключана, што там зьявіцца яшчэ які-небудзь новатвор.

XS
SM
MD
LG